BE RU EN

Трамп: Кітай гуляе з намі ў гульні, а мы гуляем у гульні з Кітаем

  • 17.11.2026, 7:14

Прэзідэнт ЗША паставіў пад сумнеў звесткі разведкі пра каханку былога кіраўніка Nvidia.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп адхіліў сцвярджэнні пра тое, што сувязь былога кіраўніка Nvidia Джэнсена Хуанга з жанчынай, якую падазраюць у шпіянажы на карысць Кітая, стварыла рызыкі для нацыянальнай бяспекі.

Пра гэта паведамляе TechCrunch.

Журналісты спыталі Трампа пра гэта ў сувязі з яго сяброўствам з Хуангам.

«Яна не апынулася пад пагрозай, — заявіў палітык. — Наша краіна цяпер мацнейшая, чым калі-небудзь. І, ведаеце, Кітай гуляе з намі ў гульні, а мы гуляем у гульні з Кітаем».

Дональд Трамп таксама выказаў сумневы ў высновах амерыканскіх чыноўнікаў адносна каханкі Хуанга, былой кіраўніцы Megaspeed Эліс Хуанг. Як піша TechCrunch, летась дзяржаўны сакратар ЗША Марко Рубіо курыраваў падрыхтоўку ўнутранага мемарандума, у якім яе назвалі агентам Міністэрства дзяржаўнай бяспекі КНР. Трампа як мінімум двойчы інфармавалі пра гэта, у прыватнасці ў маі на борце Air Force One перад сумеснай паездкай з Хуангам у Кітай. Аднак дзеючы прэзідэнт ЗША сцвярджае, што нічога не ведаў.

«Яму, бадай, не варта было ў асабістым плане рабіць тое, што ён зрабіў… Гэта іншая гісторыя, — дадаў Трамп. — Але ніхто не даказаў, што яна шпіёнка. Магчыма, яна не шпіёнка».

Джэнсен Хуанг сышоў з пасады, якую займаў 33 гады, пасля таго як сталі вядомыя яго раманы з двума супрацоўніцамі Nvidia. Ілон Маск, кіраўнік Epic Games Цім Суіні і іншыя вядомыя ў галіне людзі падпісалі адкрыты ліст з заклікам вярнуць Хуанга.

«Шмат людзей просяць Джэнсена — яны лічаць, што Джэнсен павінен вярнуцца. Гэта, безумоўна, нядрэнная ідэя», — сказаў Трамп.

У цяперашні час ЗША абмяжоўваюць экспарт самых магутных чыпаў Nvidia ў Кітай, каб захаваць канкурэнтную перавагу ў гонцы за ШІ. Яшчэ да таго, як раман Хуанга атрымаў шырокую агалоску, урады ЗША і Сінгапура расследавалі кантрабанду чыпаў Nvidia ў Кітай кампаніяй Megaspeed.

Апошнія навіны