Кадравая чахарда
- 17.11.2026, 8:33
Аўтакрата новым трукам не навучыш.
Павал Муравейка перажыў галавакружлівы кар'ерны віраж. Менш за два месяцы таму ён яшчэ насіў вайсковую форму на пасадзе начальніка Генштаба. І раптам апынуўся ў крэсле намесніка кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі, піша «Салідарнасць».
Але доўга прызвычайвацца да новага кабінета яму не давялося: 16 лістапада Муравейку адправілі ўводзіць вайсковую дысцыпліну ў Віцебскай вобласці.
Магчыма, гэта нагода задумацца тым, хто па нейкай прычыне пачаў спадзявацца на магчымыя змены ў аграрнай галіне праз пачашчэнне рэверансаў кіраўніка ў адрас фермераў.
Не выключана, што Лукашэнка сапраўды задумаўся пра тое, што пяць тысяч Маліновскіх могуць выратаваць сітуацыю ў сельскай гаспадарцы. Але старога аўтакрата вельмі цяжка навучыць новым трукам.
На практыцы мы бачым, што ўсё часцей да вырашэння цывільных праблем прыцягваюць вайскоўцаў. Гродзеншчынай другі год кіруе міліцэйскі генерал Юрый Караеў, які рэгулярна інспектуе калгасы, старанна касплеіць свайго патрона.
Па капрызе кіраўніка ў войска адправілі сотні «нядбайных» аграрыяў. І цяпер Лукашэнка ўсё часцей пагражае як простым працаўнікам сяла, так і чыноўнікам адправіць «капаць акопы да Хрэніна», які называе войска донарам дысцыпліны.
У сітуацыі, калі калгаснікаў адправляюць на «перавыхаванне» ў войска, а праблемную вобласць аддаюць у рукі кадравага вайскоўца, застаецца толькі Хрэніна зрабіць міністрам сельскай гаспадаркі.