BE RU EN

У Беларусі змяніліся правілы тэхагляду

  • 17.11.2026, 10:27

Некаторыя працэдуры спрасцілі.

З 16 лістапада ў Беларусі змяніліся правілы праходжання дзяржаўнага тэхнічнага агляду аўтамабіляў. Цяпер на дыягнастычнай станцыі замест вадзіцельскага пасведчання можна прад'явіць ID-картку або біяметрычны від на жыхарства. Акрамя таго, пры куплі аўтамабіля з дзейным дазволам паўторна праходзіць тэхагляд не трэба. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве транспарту і камунікацый.

Змена ўладальніка аўтамабіля

Раней новаму ўладальніку аўтамабіля, які ўжо прайшоў тэхагляд, даводзілася праходзіць працэдуру нанова. Цяпер пры наяўнасці дзейнага дазволу гэта не патрабуецца. Звесткі аўтаматычна пераносяцца на новага ўласніка дзякуючы абмену данымі паміж інфармацыйнымі сістэмамі УП «Белтэхагляд» і МУС.

Як падаць заяву і аплаціць

Акрамя асабістага звароту і афармлення праз партал электронных паслуг «Е-Паслуга», дакументы цяпер можна накіраваць поштай або кур'ерам. Такая магчымасць прадугледжана для транспартных сродкаў, зарэгістраваных пасля 1 студзеня 2008 года.

Аплаціць выдачу дазволу на допуск аўтамабіля да ўдзелу ў дарожным руху цяпер можна праз сістэму АРІП. У гэтым выпадку дадатковыя дакументы, што пацвярджаюць аплату, падаваць не трэба.

Акрамя таго, уладальнікі аўтамабіляў могуць аформіць дублікат дазволу пры яго страце або пашкоджанні, а таксама ўнесці ў дакумент неабходныя змены.

Што змянілася для дыягнастычных станцый і юрыдычных асоб

Выдачай і ануляваннем дазволаў на правядзенне тэхагляду цяпер займаецца Транспартная інспекцыя Мінтранса. Яна будзе правяраць адпаведнасць станцый устаноўленым патрабаванням па ўзгадненні з МУС і Дзяржстандартам.

Таксама абнавілі парадак падачы заяў юрыдычнымі асобамі. Адміністрацыйнае рашэнне можна атрымаць непасрэдна ў Транспартнай інспекцыі, яе філіялах у Мінску і абласцях або па пошце.

Статыстыка «Белтэхагляду»

Паводле даных УП «Белтэхагляд», у кастрычніку выдалі больш за 169 тысяч дазволаў на допуск да ўдзелу ў дарожным руху. Амаль 85% з іх атрымалі фізічныя асобы. Больш за 3,4 тысячы ўладальнікаў аўтамабіляў скарысталіся электроннай паслугай праз «Е-Паслуга».

Акрамя таго, на новыя аўтамабілі выпуску 2025–2026 гадоў аформілі больш за 1,1 тысячы дазволаў без наведвання дыягнастычнай станцыі і правядзення кантрольна-дыягнастычных работ.

Апошнія навіны