BE RU EN

У Гродзенскім заапарку нарадзіўся маленькі Эльф

  • 17.11.2026, 16:41

Першага ў сям'і самца міні-аленя выкармліваюць казіным малаком.

У кітайскіх мунтжаках, якія жывуць у Гродзенскім заапарку, нарадзілася маляня. Радасная падзея адбылася напачатку лістапада.

Эльф стаў першым самцом у прыплодзе. Раней у сям'і міні-аленяў нараджаліся толькі самачкі. Кадрамі з малым спецыялісты падзяліліся толькі цяпер, піша Tochka.by.

У першыя дні жыцця Эльфік практычна не набіраў вагу, распавялі спецыялісты. З дапамогай відэакамер яны высветлілі, што малы галадуе. Высветлілася, што ў самачкі Элі, якая ўпершыню стала маці, не хапала малака.

Ветэрынары адразу перавялі яго на штучнае выкармліванне. Харчаннем для нованароджанага стала малако казі Пудры. Па складзе яно блізкае да натуральнага рацыёну аленят і казуль, таму добра засвойваецца. Апетыт у Эльфа зайздросны — за суткі ён выпівае да 500 мл малака і ўжо прывыкае да прыкорму.

Аленяню прапануюць кавалачкі дзёрну з грунту. Бо, акрамя травы, дарослыя алені ядуць і зямлю, якая насычае арганізм мінеральнымі рэчывамі.

Малы нарэшце ўстаў на ногі. Цяпер ён насіцца па ўсім веткарпусе. Галоўнае забаўленне для яго — гульня ў даганялкі з супрацоўнікамі заапарка.

Апошнія навіны