BE RU EN

«Студэнцкі спіс» павядзе Сербію ў Еўрасаюз

  • 17.11.2026, 16:54

Пераможная партыя раскрыла свой знешнепалітычны курс.

Партыя «Студэнцкі спіс», якая атрымала перамогу на парламенцкіх выбарах у Сербіі, упершыню апублікавала сваю афіцыйную праграму — у ёй гаворыцца пра курс на ўступленне ў ЕС і пра падтрымку добрых адносін з Расіяй.

Пра гэта піша «Еўрапейская праўда» са спасылкай на афіцыйны сайт партыі.

У прыватнасці, «Студэнцкі спіс» плануе паглыбіць партнёрства з Еўрапейскім саюзам, асабліва з Грэцыяй, Італіяй, Венгрыяй і Францыяй, з якімі краіна ўжо наладзіла адносіны. Акрамя таго, у партыі абяцаюць прыкладаць намаганні, каб краіна атрымала IBAR (справаздачу аб ацэнцы выканання бенчмаркаў) у кантэксце ўступлення ў ЕС.

«Мы будзем прыкладаць намаганні для атрымання IBAR дзякуючы істотнаму прагрэсу ў сферах судовай сістэмы і асноўных правоў, а таксама ў сферах правасуддзя, свабоды і бяспекі, якія ахопліваюцца раздзеламі 23 і 24. Мы паглыбім супрацоўніцтва з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця і Еўрапейскім інвестыцыйным банкам з мэтай забеспячэння грантавай і іншай фінансавай падтрымкі для праектаў развіцця, якія маюць важнае значэнне для грамадзянаў», — адзначылі ў партыі.

Разам з тым «Студэнцкі спіс» паабяцаў захаваць традыцыйнае партнёрства з Расіяй і не ўводзіць санкцыі супраць РФ.

«Асабліва з улікам нашага ўласнага гістарычнага досведу і прамых наступстваў згаданых мер для мясцовага насельніцтва, Рэспубліка Сербія будзе прытрымлівацца сваёй прынцыповай пазіцыі супраць увядзення абмежавальных мер у дачыненні да Расійскай Федэрацыі. У той жа час мы будзем прытрымлівацца прынцыповай пазіцыі міжнароднага права ў пытанні павагі тэрытарыяльнай цэласнасці ўсіх суверэнных дзяржаў, у прыватнасці тэрытарыяльнай цэласнасці і недатыкальнасці тэрыторыі Украіны», — гаворыцца ў праграме.

Таксама ў праграме «Студэнцкага спісу» гаворыцца, што краіна захавае ваенны нейтралітэт як стратэгічны курс Сербіі. А што да кадравай палітыкі ў дзяржаўных органах, партыя абяцае рэформы, якія пакладуць канец традыцыям кумаўства, непатызму і інш.

«Мы скончым з практыкай асабістага прасоўвання палітычных дзеячаў і ўкаранім сістэмнае, доўгатэрміновае і інстытуцыйнае прадстаўніцтва дзяржаўных і нацыянальных інтарэсаў у міжнародных адносінах», — заявілі ў партыі.

Што да Косава, «Студэнцкі спіс» паабяцаў не прызнаваць рэспубліку і не дапускаць яе сяброўства ў міжнародных арганізацыях.

Таксама ў партыі абяцаюць спрыяць развіццю добрасуседскіх адносін і рэгіянальнага супрацоўніцтва ў адпаведнасці з усімі прынцыпамі міжнароднага права з усімі суседнімі дзяржавамі. Разам з тым — абараняць канстытуцыйнае становішча Рэспублікі Сербскай — аўтаномнага рэгіёну ў Босніі і Герцагавіне.

Апошнія навіны