BE RU EN

Пад Аршой за сімвалічны кошт прадаюць старадаўнюю вінакурню

  • 17.11.2026, 17:19

На пачатку ХХ стагоддзя ў гэтым маёнтку працаваў малады Янка Купала.

Пад Аршой за 225 рублёў выставілі на таргі старадаўнюю вінакурню — яна ўваходзіла ў склад дваранскага маёнтка, дзе на пачатку мінулага стагоддзя працаваў эканамам малады Янка Купала. Незвычайны лот у аграгарадку Полымя Сянненскага раёна з'явіўся на электроннай пляцоўцы «БУТБ-Имущество».

Пакупнікам прапануюць адразу 5 цагляных будынкаў агульнай плошчай 4284 квадратныя метры, пабудаваных у 1890–1913 гадах. Усе пабудовы маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і да пачатку двухтысячных гадоў спраўна працавалі па прамым прызначэнні. Глядзім, як выглядае старадаўняя вытворчасць і якія ўмовы давядзецца выканаць новаму ўладальніку.

Што прадаюць і як выглядаюць будынкі цяпер

Усе пяць будынкаў размешчаны па суседстве на вуліцы Школьнай і выглядаюць як гатовыя дэкарацыі для гістарычнага кіно. Галоўны элемент комплексу — двухпавярховы корпус самога спіртзавода плошчай 1502,1 квадратнага метра, пабудаваны ў 1890 годзе. Яго ўзвялі з калотага бутавага каменю і чырвонай цэглы, дапаўніўшы фасад выразнымі арачнымі вокнамі і высокай трубой.

Акрамя галоўнага корпуса, у лот уваходзяць яшчэ чатыры пабудовы памаладзей. Гэта аднапавярховае спіртасховішча 1900 года плошчай 75 квадратных метраў і тры будынкі 1913 года: трохпавярховы склад плошчай 779,5 квадратнага метра, памяшканне былой малочнай плошчай 162,8 квадратнага метра і прасторны зернесклад плошчай 1764,6 квадратнага метра. Усе збудаванні стаяць на трывалых бутабетонных фундаментах, але ўнутры даўно пустуюць. Дахі з шыферу, металу і рулонных матэрыялаў, як і драўляныя перакрыцці, ужо патрабуюць капітальнага рамонту.

У дадатак да будынкаў пакупніку без аўкцыёну і дадатковай аплаты перададуць зямельны ўчастак у арэнду на 50 гадоў. Паводле дакументаў тэрыторыя прызначаная для размяшчэння прамысловых аб'ектаў і абслугоўвання вытворчасці.

Еўрапейскі размах, сыры для Расійскай імперыі і малады Янка Купала

Адлік сваёй гісторыі гэта месца вядзе з 1533 года. Тады маёнтак называўся Бяліца, а яго землямі па чарзе валодалі ўплывовыя магнацкія роды Глебавічаў, Зяновічаў і Сапегаў. Сапраўдны перыяд росквіту прыйшоўся на сярэдзіну ХІХ стагоддзя, калі сядзіба перайшла да шляхцічаў Свяцкіх. Юзаф Свяцкі узвёў класічны палац, разбіў пейзажны парк з сажалкай, запусціў уласны цагляны завод і адкрыў тую самую вінакурню.

Яго сын Кароль Свяцкі пайшоў яшчэ далей і ператварыў маёнтак на 6 000 гектараў у перадавы аграхолдынг свайго часу. Гаспадар асабіста ездзіў па тэхналогіях у Данію, Швецыю і Германію, пасля чаго наладзіў выпуск масла і сыроў пад брэндам «Dobra Bielica, K. Swiackiego», вядомых на ўсю Расійскую імперыю. У самым палацы з васьмікутнай вежай налічвалася 18 пакояў, была бібліятэка на 3 000 тамоў, зброевая зала і галерэя, дзе вісіў арыгінал карціны Валенція Ваньковіча «Напалеон пры агні». А ў 1903–1904 гадах за парадкам у маёнтку сачыў будучы класік беларускай літаратуры Янка Купала: спачатку Іван Луцэвіч вучыў мясцовых дзяцей, а потым працаваў эканамам і малодшым прыказчыкам.

Пасля рэвалюцыі 1917 года Свяцкія з'ехалі ў Варшаву, а на базе нацыяналізаванай гаспадаркі стварылі саўгас, які пазней атрымаў назву «Полымя». Былому сядзібнаму дому не пашанцавала: у 90-я гады тут здарыўся пажар, пасля якога ад будынка засталіся толькі маляўнічыя руіны з вежай. А вось дарэвалюцыйная вінакурня аказалася куды жывучэй і выпускала прадукцыю амаль без перапынкаў аж да 2002 года.

Нюансы здзелкі і тэрміны рэстаўрацыі

Паколькі былая вінакурня мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, будучаму ўласніку давядзецца выконваць ахоўныя абавязкі. На працягу аднаго года пасля падпісання дагавора куплі-продажу неабходна афіцыйна звярнуцца па распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі. Завяршыць рамонтна-рэстаўрацыйныя работы трэба ў тэрміны, якія вызначыць праект, але не пазней як за 5 гадоў з моманту куплі.

Самі таргі прызначаныя на 15 снежня, а падаць заяўку на ўдзел можна да 10 снежня ўключна. Стартавы кошт усяго комплексу з пяці будынкаў складае 225 рублёў.

Апошнія навіны