BE RU EN

На борце Ан-12, які разбіўся, было 17 расіян

  • 17.11.2026, 21:04

Усе яны загінулі.

Самалёт, разбіўся сёння вечарам у Кемераўскай вобласці каля вёскі Ягунава, быў вайсковым транспартным самалётам Ан-12. На борце знаходзіліся 17 чалавек, усе яны загінулі.

Пра гэта паведамляюць расійскія тэлеграм-каналы «112» і «ВЧК-ОГПУ» са спасылкай на крыніцы.

Паводле даных аднаго з каналаў, на борце былі расійскія вайскоўцы, якія ляцелі з Навасібірска ў Канск Краснаярскага краю. Афіцыйна тып самалёта і колькасць ахвяр пакуль не пацверджаныя, губернатар Кузбаса Ілля Серадзюк гаварыў толькі пра «авіяцыйнае здарэнне».

Спачатку «ВЧК-ОГПУ» паведаміў пра гібель як мінімум пяці чалавек — усяго экіпажа. Пазней канал удакладніў, што на борце было 17 чалавек: пяць членаў экіпажа і пасажыры. Гэтыя звесткі пацвердзіў і канал «112».

Маршрут Навасібірск — Канск праходзіць над Кемераўскай вобласцю.

У Канску знаходзіцца вайсковы аэрадром.

Момант катастрофы трапіў на камеру вонкавага назірання: на запісе ззяючы аб’ект амаль вертыкальна падае з начнога неба. На іншых кадрах відавочцаў відаць, як да месца падзення ў поле едуць шматлікія паліцэйскія машыны, а на гарызонце гарыць буйны пажар.

Ан-12 — савецкі ваенна-транспартны самалёт, першыя машыны выпусцілі напрыканцы 1950-х гадоў. Расійская армія дагэтуль выкарыстоўвае яго для перавозкі грузаў і асабовага складу.

Апошнія навіны