У Беларусі прадставілі платформу для анлайн-пакупкі тураў
- 17.11.2026, 22:41
Яна аб’ядноўвае 20 тураператараў.
У Беларусі афіцыйна прадставілі платформу TravelGo, на якой можна шукаць і параўноўваць прапановы розных тураператараў, афармляць дакументы і аплачваць падарожжы анлайн. Цяпер сэрвіс аб’ядноўвае прапановы больш як 20 беларускіх кампаній, перадае «Онлайнер».
На прэзентацыі паказалі, як працуе платформа: ад пошуку тура сярод прапаноў падключаных тураператараў да заключэння электроннага дагавора, аплаты і атрымання дакументаў. Усё гэта можна зрабіць дыстанцыйна — неабходныя дакументы паступаюць у асабісты кабінет карыстальніка і на электронную пошту.
Асобная частка сустрэчы была прысвечана юрыдычным пытанням. Прадстаўнікі рэгулятара і эксперты ў галіне інфармацыйнай бяспекі расказалі пра патрабаванні закона «Аб турызме» да заключэння электронных дагавораў, працы з персанальнымі данымі і абароне інфармацыі.
На сустрэчы сабраліся прадстаўнікі турыстычных кампаній, гатэляў, партнёры і каманда TravelGo.
Падчас прэзентацыі таксама падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве ў сферы лічбавага турызму. Яго заключылі Цэнтр лічбавага развіцця, Нацыянальнае агенцтва па турызме і кампанія «Віваго трэвэл», якая развівае TravelGo.
Як адзначаюць удзельнікі праекта, падобныя платформы дапамагаюць турыстычным кампаніям знаходзіць новых кліентаў і пашыраць геаграфію продажаў. Для падарожнікаў гэта магчымасць параўнаць прапановы розных тураператараў у адным месцы.