За год турысты з Беларусі патрацілі ў Польшчы больш за $30 млн
- 17.11.2026, 23:04
Беларусы купляюць харчовыя прадукты, а таксама адзенне і дробную бытавую тэхніку.
За год каля 1,3 млн чалавек перасеклі ў абодвух кірунках памежныя пункты пропуску ў Баброўніках і Кузніцы. Большасць з іх — так званыя турысты-пакупнікі з Беларусі, перадае «Польскае радыё».
Згодна з данымі Падляскай падаткова-мытнай адміністрацыі, з моманту паўторнага адкрыцця падляскіх памежных пунктаў пропуску год таму беларусы патрацілі ў польскіх крамах больш за 125 млн злотых ($31,23 млн). Гэтыя пакупкі, аднак, істотна адрозніваюцца ад тых, што рабіліся да закрыцця мяжы, — адзначыў прэс-сакратар Падляскай падаткова-мытнай адміністрацыі камісар Мацей Чарнецкі.
«Мы ўжо не назіраем карціны, якая была некалькі гадоў таму, калі людзі набывалі па некалькі тэлевізараў. Цяпер асноўнымі пакупкамі з’яўляюцца харчовыя прадукты, напрыклад, кава або чай. Таксама набываюць адзенне, шапкі, шалікі, дробную бытавую тэхніку коштам да 300 еўра, напрыклад, мяшкі для пыласосаў і розныя электронныя прылады, звязаныя з гігіенай», — сказаў Мацей Чарнецкі.
Беларусы змянілі свае пакупніцкія звычкі, бо праз санкцыі Еўразвязу яны могуць легальна вывозіць з Польшчы значна менш тавараў. Абмежаванні распаўсюджваюцца, у прыватнасці, на больш складаную электроніку, а таксама на пральныя парашкі, якія былі аднесены да тавараў двайнога прызначэння.