BE RU EN

ЗША ўпершыню за 35 гадоў вырашылі распрацаваць новую ядзерную авіябомбу

  • 18.11.2026, 8:34

У 1990-х гадах падобную бомбу стваралі з прыцэлам на расійскі Паўночны Урал.

У бюджэтных дакументах Сената ЗША ўпершыню з часоў завяршэння халоднай вайны з'явілася пазначэнне новай ядзернай авіябомбы — B94, піша амерыканскае выданне пра ваенныя тэхналогіі The War Zone (TWZ). Інфармацыя пра яе змешчана ў тлумачальнай запісцы да законпраекта аб фінансаванні Міністэрства энергетыкі на 2027 фінансавы год. Згодна з табліцай выдаткаў Нацыянальнай адміністрацыі ядзернай бяспекі (NNSA — ведамства, якое курыруе ядзерны арсенал ЗША), на праграму B94 у наступным годзе прапануецца выдзеліць $77,1 млн. Як адзначае TWZ, у 2026 годзе такой пазіцыі выдаткаў не было, а апісання характарыстык боепрыпасу ў дакуменце няма.

Выданне тлумачыць, што ў амерыканскай класіфікацыі літара B азначае свабоднападальную авіябомбу, а не баегалоўку для ракет (W). Апошні раз ЗША распрацоўвалі авіябомбу з новым індэксам — праект B90 — яшчэ ў канцы халоднай вайны: гэтую праграму згарнулі ў 1991 годзе пасля распаду СССР. З тых часоў Вашынгтон абмяжоўваўся мадэрнізацыяй старых зарадаў, напрыклад гравітацыйнай ядзернай бомбы B61-13, якая ўжо пачала паступаць у войскі. Выданне Breaking Defense са спасылкай на эксперта па кантролі над узбраеннямі са Стэнфардскага ўніверсітэта Джэфры Льюіса піша, што B94, верагодна, стане «пранікальнай» заменай састарэлай звышмагутнай тэрмаядзернай бомбы B83-1.

Падобную ацэнку дае TWZ: новая распрацоўка можа ўяўляць сабой супрацьбункерную бомбу глыбокага пранікнення NDS-A. Такое ўзбраенне прызначана для знішчэння асабліва абароненых падземных камандных пунктаў і шахт, якія немагчыма паразіць звычайнымі боепрыпасамі.

У 1990-х гадах падобную бомбу B61-11 стваралі з прыцэлам на расійскі падземны комплекс пад гарой Косьвінскі Камень на Паўночным Урале, але з тых часоў Расія, Кітай і Іран пабудавалі яшчэ больш глыбокія ўмацаванні, адзначае выданне. Таксама падкрэсліваецца, што стварэнне B94 упісваецца ў маштабную праграму абнаўлення ўсёй ядзернай трыяды ЗША — разам з распрацоўкай баегалоўкаў W93 і W87-1, ракет Sentinel, бамбардзіроўшчыкаў B-21 Raider і падводных лодак класу Columbia.

Законпраект, у якім фігуруе B94, яшчэ павінен прайсці галасаванне ў амерыканскім Кангрэсе і атрымаць подпіс прэзідэнта ЗША. Аднак сам факт з'яўлення новага індэксу азначае, што ўнутры ядзернага зброевага комплексу ЗША праграма ўжо афіцыйна існуе і атрымала ўласны шыфр, адзначае MiGFlug.

Апошнія навіны