У Славакіі прайшлі мітынгі супраць Фіцо і яго сувязяў з Крамлём
- 18.11.2026, 9:23
Акцыі былі прымеркаваныя да 37-й гадавіны пачатку Аксамітнай рэвалюцыі.
У Славакіі тысячы чалавек выйшлі на вуліцы ў знак пратэсту супраць урада прэм'ер-міністра Роберта Фіцо, яго сувязяў з Крамлём і палітыкі кантролю над СМІ, а таксама супраць парушэнняў прынцыпу вяршэнства права. Акцыі ў панядзелак, 17 лістапада, былі прымеркаваныя да 37-й гадавіны пачатку Аксамітнай рэвалюцыі ў Чэхаславакіі 1989 года, перадае «Нямецкая хваля».
Самы масавы мітынг прайшоў на плошчы Славацкага нацыянальнага паўстання ў Браціславе. Паводле дадзеных найбуйнейшай апазіцыйнай партыі «Прагрэсіўная Славакія», якая ініцыявала акцыю, у ёй узялі ўдзел каля 25 тысяч чалавек.
На некаторых плакатах былі лозунгі «Рускія, дадому!» і «Я не хачу такую краіну, з якой давядзецца ўцякаць». Частка дэманстрантаў заявіла агенцтву AFP, што незадаволеная нядаўнім візітам міністра замежных спраў Славакіі Юрая Бланара у Маскву.
Дэманстранты патрабавалі адстаўкі Фіцо
Натоўп скандаваў «Нам надакучыў Фіцо!» і размахваў транспарантамі з патрабаваннем адстаўкі трохпартыйнага ўрада, які ўзначальвае прэм'ер.
Кіруючая кааліцыя на чале з Фіцо нядаўна страціла абсалютную большасць у парламенце пасля выхаду з яе шэрагаў некалькіх дэпутатаў, нагадвае AFP. З таго часу апазіцыя патрабуе датэрміновых парламенцкіх выбараў, аднак пры гэтым не мае патрэбнай колькасці галасоў для прыняцця такога рашэння.