Алесь Бяляцкі пакіне пасаду кіраўніка «Вясны»
- 19.11.2026, 12:50
На чарговым сходзе ён складзе з сябе паўнамоцтвы.
Некалькі тыдняў таму лаўрэат Нобелеўскай прэміі Алесь Бяляцкі у інтэрв'ю Deutsche Welle заявіў, што збіраецца пакінуць кіраўніцтва праваабарончага цэнтра «Вясна». На кракаўскім фестывалі «Культура ў выгнанні» Беларуская служба «Польскага радыё» спытала ў праваабаронцы, чаму ён вырашыў перадаць кіраўніцтва «Вясны» і што могуць зрабіць для Беларусі тыя, каго вымусілі з'ехаць.
Алесь Бяляцкі не сыходзіць з «Вясны», а складзе паўнамоцтвы старшыні
«Я ж не абвяшчаў, што сыходжу з «Вясны». Я яшчэ застаюся старшынём праваабарончага цэнтра «Вясна», але на чарговым сходзе складзу з сябе паўнамоцтвы. Больш за 30 гадоў я ўжо старшыня. І хоць частку гэтага часу я правёў у турме і не мог выконваць абавязкі старшыні, маральная адказнасць усё адно ляжала на мне.
Усяму свой час. Вырасла новае пакаленне праваабаронцаў. Гэта мае найлепшыя сябры, з якімі я працаваў не адзін год. Ёсць дастаткова шмат дасведчаных праваабаронцаў, якія змогуць павесці арганізацыю далей. А я застаюся ў «Вясне». Магчыма, як член рады, а можа, проста як член арганізацыі. Гэта ўжо не такое істотнае», — сказаў Алесь Бяляцкі.
Ён кажа, што адчувае маральную адказнасць за тое, каб арганізацыя і далей ішла да стратэгічных мэтаў, якія вызначылі за гэты час, і працягвала праграмы, якія цяпер паспяхова вядзе на карысць усёй Беларусі і ўсяго грамадзянскага грамадства.
«Не толькі на карысць тым, хто з'ехаў, але і на карысць той Беларусі, якая цяпер у самой Беларусі. «Вясна» адыгрывае ўнікальную, важную ролю ў беларускім грамадзянскім грамадстве. Гэта частка і беларускага, і міжнароднага праваабарончага руху. Таму я з «Вясной», і «Вясна» са мной. Іншая справа, што як лаўрэат Нобелеўскай прэміі я цяпер працую не толькі дзеля Беларусі і клапачуся не толькі пра яе. Да мяне звяртаюцца і калегі-праваабаронцы, і былыя палітвязні з усяго свету. Я сам быў палітвязнем, таму цяпер маю поўнае права быць голасам палітвязняў усіх таталітарных і аўтарытарных рэжымаў ва ўсім свеце. Гэтым і буду займацца ў бліжэйшы час.
Плюс пытанне міратворчасці. Зноў жа, гэта пытанне шырэй за Беларусь. Што да вайны і тэрору, якія Расія цяпер вядзе супраць Украіны, я буду прыкладаць усе магчымыя намаганні, каб людзі не стамляліся ад гэтай сітуацыі і працягвалі супраціўляцца аўтарытарызму і таталітарызму, якія цяпер спрабуюць сілай зброі зламаць Украіну.
Яшчэ адно пытанне — салідарнасць грамадзянскіх арганізацый, як беларускіх, так і іншых дэмакратычных недзяржаўных арганізацый. Праблемы Беларусі ў многім тыповыя. Яны не ўнікальныя, я б сказаў. Тое самае адбываецца ў Азербайджане, у Расіі, у Кыргызстане, у Грузіі. Мы бачым, як у Грузіі пачалі згортваць дэмакратычныя правы, якіх дасягнуў грузінскі народ. Салідарнасцю ў супраціве таталітарызму ў больш шырокім маштабе я таксама буду цяпер вельмі актыўна займацца. Бо я лаўрэат Нобелеўскай прэміі, і спыт з мяне большы, чым з звычайнага чалавека», — сказаў Алесь Бяляцкі.