Расія стаіць на парозе грандыёзнага «мастападу»
- 19.11.2026, 14:28
У рэгіёнах налічылі амаль шэсць тысяч мастоў, гатовых рухнуць.
У Расіі амаль 6 тыс. мастоў на рэгіянальных і муніцыпальных дарогах знаходзяцца ў аварыйным стане і патрабуюць тэрміновага рамонту. Пра гэта на «Транспортной неделе» паведаміў генеральны дырэктар Расійскага дарожнага навукова-даследчага інстытута Мінтранса Александр Бедусенко, піша «Коммерсант».
Паводле яго даных, па-за межамі федэральнай сеткі ў рэгіёнах налічваецца 53,7 тыс. мастоў, але толькі 21% з іх прайшлі неабходную дыягностыку. Інфармацыі пра стан астатніх або няма, або яна састарэла, бо праверка адной пераправы ў сярэднім каштуе ад 400 тыс. да 1 млн руб.
У 2026–2031 гадах урад збіраецца выдзеліць 611 млрд руб. на рамонт 2,7 тыс. збудаванняў. Аднак у гэты пералік «чамусьці» трапіла толькі 11% мастоў, якія атрымалі статус аварыйных, адзначыў Бедусенко. «Калі ласка, плануйце грошы ў першую чаргу на аварыйныя і перадаварыйныя аб’екты», — звярнуўся да рэгіёнаў сенатар Евгений Дитрих.
Таксама прадстаўнік Савета Федэрацыі Игорь Тресков нагадаў, што з 611 млрд руб. амаль палова сродкаў забяспечваецца федэральным бюджэтам. «Значыць, ёсць усе неабходныя рычагі (уплыву на суб’екты РФ. — ТМТ)», — сказаў ён і паабяцаў правесці працу з кожным рэгіёнам асобна.
У той жа час намеснік кіраўніка Мінтранса РФ Игорь Костюченко паведаміў, што з 2019 года ў межах рэалізацыі нацпраектаў «Бяспечныя і якасныя дарогі» і «Інфраструктура для жыцця» адрамантавана больш як 3 тыс. мастоў, у тым ліку за кошт 130 млрд руб. з федэральнага бюджэту. Па выніках 2026 года плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 127 мастоў пасля рамонту, дадаў Костюченко.
Кіраўнік дзяржкампаніі «Аўтадар» Вячеслав Петушенко, у сваю чаргу, заявіў, што бізнес часта спрабуе «выціснуць» з кожнай паездкі максімальны прыбытак за кошт перавозкі «звышнарматыўных грузаў», што прыводзіць да зносу, у тым ліку мастоў.
Кіраўнік Бураціі Алексей Цыденов паскардзіўся на тую ж праблему, прапанаваўшы даць рэгіёнам права адміністраваць парушэнні вагагабарытных параметраў на рэгіянальных дарогах. Паводле яго слоў, у інспектараў Ространснагляду бракуе рэсурсаў, каб кантраляваць грузавы транспарт уручную, а аўтаматычныя сістэмы кантролю «вадзіцелі падманваюць». «Кантролю на рэгіянальных дарогах як такога няма», — падсумаваў Цыденов.