Навукоўцы разгадалі загадку глабальных пылавых бураў на Марсе
- 19.11.2026, 15:03
Гэта мае важнае значэнне для будучых людскіх пасяленняў.
На Зямлі пылавыя буры заўсёды маюць рэгіянальны характар. Але на Марсе раз на тры–чатыры гады ўзнікаюць пылавыя буры, якія ахопліваюць усю планету. Яны могуць нават перакрываць доступ сонечнага святла да паверхні планеты, і гэта вялікая праблема для марсаходаў і будучых людскіх пасяленняў на Марсе. Прычыны ўзнікнення гэтых глабальных пылавых бураў доўгі час заставаліся загадкай. Цяпер навукоўцы яе разгадалі. Вынікі даследавання апублікаваныя у часопісе Geophysical Research Letters, піша Phys.
На Зямлі механізм узнікнення пылавых бураў добра вывучаны. Пылавая бура не можа ўзнікнуць ні без пяску, ні без пылу, і вырашальнае значэнне мае іх суадносіны. Да пяску адносяць часціцы дыяметрам ад 2 да 0,06 мм, тады як памер часціц пылу складае менш за 0,05 мм.
Калі пачынаецца пылавая бура, пад уздзеяннем ветру пясчынкі перакочваюцца, падскокваюць і пры кожным прызямленні ўдараюцца аб паверхню. Гэты ўдар вызваляе часціцы пылу, якія падхоплівае вецер і падымае высока ў атмасферу. Пясчынкі звычайна перамяшчаюцца толькі на некалькі метраў, у той час як пыл можа пераадольваць сотні і нават тысячы кіламетраў. Напрыклад, пыл з Сахары можа дасягаць паўночнай часткі Еўропы.
Па словах навукоўцаў, механізм узнікнення пылавых бураў на Марсе падобны. Гэта паказаў эксперымент у спецыяльнай камеры, дзе навукоўцы ўзнавілі пылавую буру на Чырвонай планеце. Да гэтага часу яны не маглі растлумачыць, што менавіта правакуе ўзнікненне глабальных пылавых бураў.
Яны вымералі хуткасць ветру і суадносіны пяску і пылу, неабходныя для ўзнікнення глабальнай пылавой буры на Марсе. Як паказала даследаванне, уся справа ў балансе паміж пылам і пяском на паверхні Марса. Калі пяску занадта шмат, яго часціцы аказваюцца занадта цяжкімі і не могуць падымацца высока ў атмасферу. Але без пяску пылавая бура не здольная падняць у паветра часціцы пылу. Калі пяску менш, то глабальная пылавая бура не мае перашкод для ўзнікнення.
Гэтае адкрыццё мае крытычна важнае значэнне для прагназавання глабальных пылавых бураў, якія могуць паўплываць на працу марсаходаў.
Яны працуюць на сонечнай энергіі і могуць выйсці з ладу, бо пыл перакрывае доступ сонечнага святла да паверхні планеты. Калі атрымаецца дакладней прадказваць набліжэнне магутных пылавых бураў, то можна будзе перамясціць марсаходы ў бяспечнае месца.
Таксама пылавыя буры будуць уяўляць вялікую пагрозу для будучых пасяленняў чалавецтва на Марсе. Таму прагназаванне пылавых бураў дапаможа палепшыць знаходжанне людзей на Чырвонай планеце.