Упершыню ў гісторыі Манголіі прэзідэнт датэрмінова пайшоў у адстаўку
- 19.11.2026, 19:22
Яшчэ нядаўна ён сустракаўся з Лукашэнкам.
Вялікі дзяржаўны хурал (парламент) Манголіі вызваліў Ухнаагійна Хурэлсуха ад пасады прэзідэнта па яго ўласнай заяве. Рашэнне падтрымалі 92,3% дэпутатаў, якія ўдзельнічалі ў пасяджэнні, паведаміла прэс-служба парламента.
Паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы перададзеныя старшыні парламента Сандагійну Бямбацогту. Ён будзе выконваць іх да абрання новага прэзідэнта і складання ім прысягі.
Перад галасаваннем Хурэлсух выступіў з прамовай, у якой коратка падсумаваў вынікі сваёй працы і заклікаў да адзінства. Пасля прыняцця закона ён выказаў пашану дзяржаўнаму гербу і сцягу і пакінуў залу пасяджэнняў. У парламенце адзначылі, што гэта першы ў гісторыі Манголіі выпадак прадатэрміновага добраахвотнага сыходу прэзідэнта з пасады.
Хурэлсух займаў пасаду прэзідэнта з 2021 года. Да гэтага, у 2017–2021 гадах, ён узначальваў урад краіны.
Хурэлсух 17 лістапада абвясціў пра адстаўку на фоне абвінавачанняў у карупцыі. Яны звязаныя з тэндарам на будаўніцтва чыгункі Таван-Толгой — Гашуунсухайт, пераможцам якога стала кампанія Bodi Group. Паводле паведамленняў СМІ, палітыкі маглі атрымаць хабар на агульную суму $110 млн. Хурэлсух адкінуў абвінавачанні і заявіў пра гатоўнасць супрацоўнічаць са следствам.
Парламенцкая апазіцыя 16 лістапада запатрабавала адстаўкі прэзідэнта і іншых чыноўнікаў, якія фігуруюць у абвінавачаннях, а таксама стварэння часовай камісіі для расследавання. Дэпутаты прапанавалі рассакрэціць усе рэкамендацыі Савета нацыянальнай бяспекі Манголіі, прынятыя з 2019 года. У антыкарупцыйным ведамстве краіны заявілі, што не знайшлі доказаў выплаты $110 млн наяўнымі.
Прэм’ер-міністр Ням-Осорын Учрал 18 лістапада даручыў правесці аўдыт праекта трансгранічнай чыгункі Гашуунсухайт — Ганцмод. Паводле яго, скандал вакол гэтага праекта можа быць звязаны з перыядам прэзідэнцтва папярэдніка Хурэлсуха Халтмаагійна Баттулгі. Учрал заявіў, што на раннім этапе рэалізацыі праекта былі дапушчаныя істотныя юрыдычныя памылкі.
Сустрэча з Лукашэнкам
Менш чым за месяц да адстаўкі, 24–26 кастрычніка, Хурэлсух здзейсніў афіцыйны візіт у Беларусь. Гэта быў першы ў гісторыі візіт кіраўніка мангольскай дзяржавы ў краіну. Паездка стала візітам у адказ пасля візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Улан-Батар у чэрвені 2024 года. Тады прыезд дыктатара суправаджаўся пратэстамі, а былы прэзідэнт і прэм’ер-міністр Манголіі Цахіагійн Элбэгдорж заклікаў улады краіны затрымаць Лукашэнку, назваўшы яго вайсковым злачынцам.