Экс-намесніка міністра абароны РФ Цалікава асудзілі да 10 гадоў пазбаўлення волі
- 19.11.2026, 22:23
Замаскварэцкі суд Масквы прысудзіў былога намесніка міністра абароны Расіі Руслана Цалікава да 10 гадоў калоніі строгага рэжыму і штрафу ў 500 млн рублёў. Былы намеснік Сяргея Шайгу у Мінабароны РФ быў затрыманы ў пачатку сакавіка і памешчаны пад хатні арышт.
Таксама Цалікаву забаронена цягам 15 гадоў пасля вызвалення займацца дзейнасцю, звязанай з дзяржаўнай службай, перадае «Інтэрфакс». Суд пазбавіў яго дзяржаўных узнагарод і чыну сапраўднага дзяржаўнага саветніка 1-га класа.
70-гадовага Цалікава прызналі вінаватым па 12 эпізодах злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі КК РФ аб растраце, адмыванні грошай і атрыманні хабароў. Пры гэтым суд спыніў крымінальны пераслед чыноўніка па артыкуле 210 КК РФ (стварэнне злачыннай супольнасці асобай з выкарыстаннем свайго службовага становішча) у сувязі з адсутнасцю складу злачынства.
Ключавое абвінавачанне ў растраце, пісаў «Коммерсант», датычылася паставак у армію рэчавай маёмасці, у тым ліку нэсэсэраў, па 12 дзяржаўных кантрактах, заключаных паміж АО «Военторг» і Мінабароны ў 2019–2023 гадах. Следства ўстанавіла, што кошт паставак быў завышаны на 30–40%.
Цалікава ўзялі пад варту ў зале суда. Суд таксама задаволіў грамадзянскі пазоў Мінабароны, спагнаўшы з Цалікава 6,5 млрд рублёў. Сваю віну чыноўнік адмаўляў, а абарона настойвала на яго апраўданні.
Цалікаў займаў пасаду першага намесніка міністра абароны Расіі з 2015 па 2024 год. Будучы адным з даўніх паплечнікаў Сяргея Шайгу, ён курыраваў медыйную і PR-актыўнасць ведамства. З 2024 года па сакавік 2026-га ён быў дэпутатам Вярхоўнага хурала Тывы. Яго таксама разглядалі як кандыдата ў сенатары ад рэспублікі, аднак на гэтую пасаду яго так і не вылучылі.
Пасля сыходу Шайгу з Мінабароны былі арыштаваныя яго намеснікі Цалікаў, Дзмітрый Булгакаў, Павел Папоў і Цімур Іваноў.
Папоў спачатку быў асуджаны да 19 гадоў калоніі па справе аб падмаскоўным парку «Патрыёт». Яму інкрымінавалі махлярства, атрыманне хабароў і перавышэнне службовых паўнамоцтваў. Пазней ваенны суд скараціў тэрмін пакарання да 10 гадоў. Цімур Іваноў атрымаў 13 гадоў калоніі. Прысуд былому намесніку міністра абароны РФ Дзмітрыю Булгакаву пакуль не вынесены.