Макрон заклікаў узняць пытанне аб сяброўстве Украіны ў НАТА
- 19.11.2026, 23:39
Прэзідэнт Францыі заявіў, што «цяпер прыдатны момант».
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон заявіў, што настаў час ізноў узняць пытанне аб сяброўстве Украіны ў НАТА. Пра гэта ён сказаў падчас сумеснай прэс-канферэнцыі па выніках пасяджэння «кааліцыі ахвотных», паведамляе «Гордон».
Ён лічыць, што ўступленне Украіны ў Альянс можа стаць важнай умовай доўгатэрміновай бяспекі Еўропы пасля заканчэння вайны. Паводле слоў французскага прэзідэнта, пытанне аб уступленні Украіны ў НАТА было адкладзена ў першай палове 2022 года, аднак цяперашняя сітуацыя прымушае вярнуцца да яго абмеркавання.
«У цяперашніх умовах, калі мы сутыкаемся з максімалісцкімі пазіцыямі Расіі, трэба зноў узняць пытанне аб сяброўстве Украіны ў НАТА. Менавіта гэта я прапанаваў некалькі дзён таму. Цяпер для гэтага прыдатны момант», — заявіў Макрон.
Ён падкрэсліў, што пасля заканчэння вайны Украіна будзе мець магутнае ўзбраенне і шматлікую армію, а яе сяброўства ў Альянсе будзе адпавядаць інтарэсам еўрапейскай бяспекі.
«Для нашай бяспекі ў доўгатэрміновай перспектыве яе прысутнасць у НАТА мэтазгодная», — адзначыў прэзідэнт Францыі.