Шэсць тысяч мастоў у РФ гатовыя абрынуцца
- 20.11.2026, 3:06
Шакуючая статыстыка.
У Расіі амаль 6 тыс. мастоў на рэгіянальных і муніцыпальных дарогах знаходзяцца ў аварыйным стане і патрабуюць неадкладнага рамонту. Пра гэта на «Транспартным тыдні» паведаміў гендырэктар Расійскага дарожнага навукова-даследчага інстытута Мінтранса Аляксандр Бедусэнка, піша The Moscow Times.
Паводле яго даных, усяго па-за межамі федэральнай сеткі ў рэгіёнах налічваецца 53,7 тыс. мастоў, але толькі 21% з іх прайшлі неабходную дыягностыку. Інфармацыі пра стан астатніх або няма, або яна састарэлая. Пры гэтым праверка адной пераправы ў сярэднім абыходзіцца ў 400 тыс. — 1 млн рублёў.
На рамонт мастоў выдзеляць 611 млрд рублёў
У 2026–2031 гадах урад збіраецца выдзеліць 611 млрд рублёў на рамонт 2,7 тыс. збудаванняў. Аднак у гэты пералік «чамусьці» трапіла толькі 11% мастоў, якія атрымалі статус аварыйных, адзначыў Бедусэнка.
«Калі ласка, плануйце грошы ў першую чаргу на аварыйныя і перадаварыйныя аб’екты», — звярнуўся да рэгіёнаў сенатар Яўген Дзітрых.
Прадстаўнік Савета Федэрацыі Ігар Трэскоў нагадаў, што амаль палова з 611 млрд рублёў паступіць з федэральнага бюджэту. «Значыць, усе неабходныя рычагі (ўздзеяння на суб’екты РФ. — Заўв.) ёсць», — сказаў ён і паабяцаў правесці працу з кожным рэгіёнам асобна.
У той жа час намеснік кіраўніка Мінтранса Ігар Касцючэнка паведаміў, што з 2019 года ў межах нацпраектаў «Бяспечныя і якасныя дарогі» і «Інфраструктура для жыцця» адрамантавалі больш за 3 тыс. мастоў. На гэтыя мэты, у прыватнасці, накіравалі 130 млрд рублёў з федэральнага бюджэту.
Па выніках 2026 года плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 127 мастоў пасля рамонту, дадаў Касцючэнка.
Перагружаныя фуры паскараюць знос мастоў
Кіраўнік дзяржкампаніі «Аўтадар» Вячаслаў Пятушэнка заявіў, што бізнес часта спрабуе атрымаць максімальны прыбытак з кожнай паездкі за кошт перавозкі «звышнарматыўных грузаў». Гэта прыводзіць да паскоранага зносу дарожнай інфраструктуры, у тым ліку мастоў.
Кіраўнік Бураціі Аляксей Цыдэнаў паскардзіўся на тую ж праблему і прапанаваў даць рэгіёнам права самастойна кантраляваць парушэнні вагавых і габарытных параметраў на рэгіянальных дарогах.
Па яго словах, у інспектараў Растранснагляду не стае рэсурсаў для ручнога кантролю грузавога транспарту, а аўтаматычныя сістэмы кантролю «вадзіцелі абманваюць».
«Кантролю на рэгіянальных дарогах як такога няма», — заключыў Цыдэнаў.