Аўтар скандальнага помніка «Жанчыне-маці» ў Быхаве паказаў, як змяніў яго пасля крытыкі
- 20.11.2026, 9:59
Хутка будзе аўкцыён.
Скандальную скульптуру «Жанчыне-маці» ў Быхаве, якую высмейвалі ў сацсетках з-за дзіўных прапорцый і перакошанага твару, ужо дапрацавалі. Цяпер яна выглядае крыху інакш, а яе аўтар Аляксандр Мінькоў сцвярджае, што помнік хочуць набыць і неўзабаве адбудзецца аўкцыён, перадае АНТ.
Дзяржаўны тэлеканал паказаў, як скульптура выглядае пасля дапрацоўкі. У прыватнасці, Мінькоў змяніў твар жанчыны, які выклікаў найбольш пытанняў у беларусаў: рысы сталі больш роўнымі, а выраз твару — мякчэйшы. Пры гэтым сама кампазіцыя, што адлюстроўвае маці з дзіцем, засталася ранейшай.
Тым часам, паводле слоў скульптара, пасля скандалу ў яго нават з'явіліся патэнцыйныя пакупнікі, гатовыя набыць статую.
«Хутка будзе аўкцыён. Людзі ўжо гатовыя забраць. Мне пішуць асабіста», — распавёў Мінькоў.
Колькі прапануюць за працу, ён не ўдакладніў. Аднак на пытанне журналісткі, ці гатовыя пакупнікі заплаціць больш, чым мясцовы выканкам, адказаў: «Вядома!»
Пры гэтым аўтар заявіў, што перад адкрыццём помніка ніякай афіцыйнай камісіі не было.
«Прыязджалі, глядзелі — нібыта ўсё задавальняе. Вырашылі адкрыць», — патлумачыў ён.
Тым часам старшыня Беларускага саюза мастакоў Андрэй Васілеўскі раскрытыкаваў першапачатковую працу Мінькова — паводле яго слоў, прафесійная супольнасць таксама негатыўна ацаніла скульптуру.
«Магілёўская секцыя збіралася з нагоды рэакцый на ўсталяванне гэтай скульптуры і, вядома, негатыўна ацаніла творчасць свайго калегі», — распавёў Васілеўскі.
Сам ён лічыць, што помнік выглядаў прынамсі недапрацаваным, пры гэтым скульптуру не разглядаў Рэспубліканскі манументальны савет, які займаецца ацэнкай падобных твораў.
«Мяне бянтэжыць, што на Рэспубліканскім манументальным савеце гэтая скульптурная кампазіцыя не разглядалася. У Саюз мастакоў наконт выканання гэтай працы ніхто не звяртаўся, і мы нават не ведалі, што адбываецца», — заявіў Васілеўскі.
Ён таксама распавёў, што ў Мінькова было некалькі варыянтаў эскіза — Быхаўскі райвыканкам выбраў адзін з іх, аднак гатовая праца яму не адпавядала.
У той жа час Васілеўскі не выключае, што дзякуючы скандальнай вядомасці ў скульптара сапраўды з'явяцца пакупнікі.
«Бо негатыўны піяр — гэта таксама рэклама, прычым бывае вельмі эфектыўная, не здзіўлюся, калі яе купяць. Магчыма, з замовамі ў яго ўжо цяпер праблем не будзе», — выказаў меркаванне ён.
Нагадаем, кампазіцыю «Жанчыне-маці» адкрылі 6 лістапада ў гарадскім парку Быхава. Помнік прымеркавалі да Года беларускай жанчыны, аднак пасля з'яўлення першых фотаздымкаў у сацсетках яго пачалі крытыкаваць праз дзіўныя прапорцыі і твар галоўнай гераіні.
У Быхаўскім райвыканкаме прызналі, што скульптура атрымалася не такой, як планавалася, і паабяцалі выправіць недахопы. Пазней стала вядома, што помнік адправілі на дапрацоўку, паколькі ён не адпавядаў зацверджанаму эскізу.
Сам Мінькоў распавядаў, што зрабіў скульптуру ў падарунак гораду. Адказваючы на крытыку, ён заявіў, што для стварэння твору ўзроўню Мікеланджэла яму спатрэбіліся б «круглая сума і год у запасе».