BE RU EN

У Беларусі ўсю школу з ціром і інтэрнатам прадаюць за $15

  • 22.11.2026, 19:46

У комплекс таксама ўваходзяць кацельня, гараж, майстэрня і склады.

У Гомельскай вобласці выставілі на продаж былую школу з цірам, інтэрнатам, кацельняй і гаспадарчымі пабудовамі. За ўвесь комплекс просяць усяго 45 рублёў, а сам аўкцыён прызначаны на 1 снежня. Незвычайны лот знаходзіцца ў вёсцы Хільчыцы Жыткавіцкага раёна, на вуліцы Стадыённай, 10.

Што ўваходзіць у школьны комплекс за 45 рублёў?

Аднаю школай прапанова не абмяжоўваецца. Па інфармацыі Гомельаблімаёмасці, пакупніку прапануюць цэлы комплекс, у які ўваходзяць:

інтэрнат,

цір,

кацельня,

гараж,

майстэрня,

тры склады,

паграб,

прыбіральня,

параправод.

У дакументах указана плошча аб’екта — 1473 кв. м. Асноўны будынак аднапавярховы, цагляны. Пад комплексам знаходзіцца зямельны ўчастак плошчай 1 гектар. Праўда, зямлю не прадаюць: прадугледжана толькі перадача ў арэнду на 10 гадоў.

Ці можна перарабіць былую школу пад жыллё або бізнес?

У пакупніка будзе некалькі варыянтаў выкарыстання нерухомасці. Згодна з умовамі продажу, будынкі можна прыстасаваць для прадпрымальніцкай дзейнасці або перабудаваць пад жыллё. Але купіць школу за 45 рублёў і проста пакінуць яе пуставаць нельга.

Калі новы ўладальнік плануе адкрыць бізнес, пачаць дзейнасць неабходна не пазней чым праз 12 месяцаў пасля заключэння дагавора куплі-продажу. Карыстацца аб’ектам давядзецца як мінімум год. На рэканструкцыю адводзіцца 24 месяцы, а калі ўласнік вырашыць знесці будынкі і пабудаваць новыя, завяршыць будаўніцтва трэба цягам 36 месяцаў.

Ёсць яшчэ два істотныя нюансы. Нерухомасць прадаюць без дакументаў, што пацвярджаюць дзяржаўную рэгістрацыю правоў на яе. Акрамя таго, участак знаходзіцца ў зоне пражывання з перыядычным радыяцыйным кантролем пасля аварыі на ЧАЭС.

Калі пройдуць таргі і колькі каштуе ўдзел?

Электронны аўкцыён запланаваны на 1 снежня. Прыём заяў павінен завершыцца 26 лістапада а 15:00. Пачатковы кошт комплексу складае 45 рублёў (столькі ж — памер задатку). Асобна пазначаны выдаткі на фарміраванне зямельнага ўчастка — 775 рублёў 58 капеек. Пры наяўнасці некалькіх удзельнікаў канчатковы кошт можа вырасці.

Апошнія навіны