Беларусаў папярэдзілі аб няпростым надвор'і
- 23.11.2026, 14:16
Снег і галалёдзіца ўскладняць сітуацыю на дарогах.
«23 лістапада на асобных участках дарог чакаецца галалёдзіца», – такое штормавое папярэджанне Белгідрамет выпусціў на сёння.
У панядзелак прагназуецца воблачнае надвор'е, у многіх раёнах – невялікія кароткачасовыя ападкі, пераважна снег і мокры снег. Максімальная тэмпература паветра – ад 0 да +4°C.
Заўтра, 24 лістапада, надвор'е будзе вызначаць неўстойлівая паветраная маса з Балтыйскага мора. Амаль паўсюль чакаюцца ападкі – снег і мокры снег, месцамі – наліпанне мокрага снегу. На дарогах слізка, і ў сувязі з гэтым на аўторак таксама абвешчана штормавое папярэджанне. Уначы будзе ад −5 да +1°C, удзень – ад −2 да +3°C.
За апошнія гадзіны больш за ўсё ападкаў выпала ў Гродне, Навагрудку, Баранавічах, Слуцку і Касцюковічах. Праўда, снег доўга не пратрымаўся.