У Мінску будуюць гіганцкія рэзервуары вышынёй як дзесяціпавярхоўка
- 23.11.2026, 15:09
Навошта яны патрэбныя?
На Мінскай ачышчальнай станцыі адначасова ўзводзяць чатыры рэзервуары вышынёй 32 метры. У іх з асада сцёкавых вод будуць атрымліваць біягаз. Паводле даных «Мінскстроя», такіх маналітных рэзервуараў у Беларусі яшчэ не будавалі.
Як на Мінскай ачышчальнай станцыі будуць атрымліваць біягаз
Кожны рэзервуар, які будаўнікі называюць метантэнкам, разлічаны на 12 тысяч кубаметраў. Унутры асад сцёкавых вод будзе брадзіць пры 55°C без доступу кіслароду. У працэсе вылучыцца біягаз. Іл пасля абязводжвання ў перспектыве плануюць спальваць. Ад яго застанецца попел, а на палігоны будзе трапляць менш адходаў.
Сцены рэзервуараў адліваюць з высокатрывалага бетону ўчасткамі па тры метры. У бетон укладваюць арматуру і некалькі радоў канатаў. Калі бетон набірае трываласць, канаты нацягваюць дамкратамі і замацоўваюць анкерамі. Так сцены змогуць вытрымліваць ціск знутры.
Што яшчэ змяняюць на Мінскай ачышчальнай станцыі
Станцыя працягвае ачышчаць сцёкі, пакуль на яе тэрыторыі ідуць працы. Частку збудаванняў першай чаргі ўжо ўвялі ў эксплуатацыю. Абноўленая лінія, дзе асад гатуюць да ўтылізацыі, таксама працуе.
Да канца 2026 года будаўнікі разлічваюць здаць тры аэратэнкі для біялагічнай ачысткі сцёкаў з насоснай станцыяй і завяршыць першую чаргу. У яе ўваходзяць лінія тонкай ачысткі асада, пяскалоўка, першасныя адстойнікі і сістэма ачысткі газаў. Усяго на рэканструкцыі занята больш за 500 спецыялістаў.
У кастрычніку дырэктар «Белкамунпраекта» Дзяніс Драпей паведаміў, што з атрыманага біягазу плануюць вырабляць электраэнергію. Па яго ацэнцы, аднаўляльныя крыніцы змогуць пакрыць каля дзвюх трацін патрэбы станцыі ў энергіі.