BE RU EN

Сырскі: Хочаш міру — рыхтуйся да вайны

  • 23.11.2026, 16:30

Былы галоўнакамандуючы ЗСУ назваў тры галоўныя ўрокі вайны для Еўропы.

Поўнамаштабная вайна Расіі супраць Украіны змяніла ўяўленні пра тое, якой павінна быць эфектыўная абарона і якія практычныя дзеянні неабходна прадпрымаць для падтрымання сапраўднага міру. Краіны павінны быць гатовыя да вайны нават у мірны час, каб прадухіліць яе ўзнікненне ў будучыні. Як напісаў былы галоўнакамандуючы ЗСУ Аляксандр Сырскі у Telegram, гэтыя тэзісы ён агучыў падчас выступлення на Міжнародным форуме па бяспецы ў Галіфаксе.

У прыватнасці, Сырскі лічыць, што іншым краінам трэба вынесці тры ўрокі з расійска-ўкраінскай вайны. Па-першае, на яго думку, да абароны трэба рыхтавацца ў мірны час.

«Мір далікатны. Нават там, дзе вайна здаецца немагчымай, палітычныя рашэнні могуць хутка змяніць сітуацыю. Сёння ўкраінскія воіны, стрымліваючы расійскую агрэсію, абараняюць і мір у Еўропе. Выказванне «Хочаш міру — рыхтуйся да вайны» застаецца актуальным, бо гатоўнасць да абароны — адна з умоў стрымлівання агрэсара», — падкрэсліў Сырскі.

Па-другое, паводле яго слоў, сістэма калектыўнай бяспекі патрабуе зменаў, паколькі існуючыя міжнародныя механізмы не здолелі прадухіліць поўнамаштабнае ўварванне Расіі і дагэтуль не спынілі вайну.

«Маштабы баявых дзеянняў ва Украіне паказваюць, колькі людзей, узбраення і рэсурсаў патрабуе працяглая абарона. Многім краінам было б цяжка вытрымаць такую нагрузку самастойна. Патрэбныя механізмы, якія дазволяць партнёрам дзейнічаць сумесна і своечасова — стрымліваць агрэсію і спыняць яе, калі яна пачалася», — дадаў Сырскі.

Па-трэцяе, ён перакананы, што армія павінна бесперапынна развівацца.

«У гэтай вайне адначасова выкарыстоўваецца ўзбраенне розных пакаленняў, а новыя тэхналогіі хутка змяняюць характар баявых дзеянняў. Таму арміям трэба развіваць уласныя тэхналогіі, хутка ўкараняць іх і адпаведна змяняць падрыхтоўку войскаў», — заявіў Сырскі.

Такім чынам, на яго думку, перавагу атрымлівае той, хто хутчэй вучыцца і адаптуецца.

Апошнія навіны