BE RU EN

Колькасць расійскай арміі ва Украіне пачала памяншацца

  • 23.11.2026, 23:18

Кантрактнікаў усё менш.

Расія набірае на вайну ўсё менш кантрактнікаў, хоць плаціць за подпіс усё больш. У кастрычніку кантракты падпісалі каля 34 тысяч чалавек, на 11% менш, чым годам раней. Такія ацэнкі на падставе дадзеных рэгіянальных бюджэтаў прывёў даследчык Германскага інстытута міжнародных адносін і бяспекі Яніс Клюге.

Такім чынам, колькасць расійскай арміі на тэрыторыі Украіны пачала падаць, паколькі колькасць загінулых перавышае колькасць тых, хто прыбывае.

«Год за годам і месяц за месяцам» арміі ўсё цяжэй знаходзіць ахвотных ваяваць, заявіў Financial Times заснавальнік праекта «Ідзіце лесам» Грыгорый Свердлін. Паводле яго слоў, рэкруцёры «не могуць знайсці дастаткова людзей ужо пэўны час нават за велізарныя сумы, якія прапануюцца ў кантрактах».

Часта ў расійскую армію падманам набіраюць алкаголікаў, нарказалежных і бамжоў. Фізічная падрыхтоўка і стан здароўя на фронце становяцца прычынай іх хуткай гібелі.

За дзесяць месяцаў 2026 года армія Расіі атрымала на 37 тысяч менш, чым за той жа перыяд мінулага года. Пры гэтым сярэдні бонус за адпраўку на фронт па рэгіёнах вырас да 2,4 млн рублёў. Навабранцы ўжо некалькі месяцаў не пакрываюць страт на фронце.

Планы Мінабароны РФ правальваюцца

План Мінабароны на гэты год — 409 тысяч чалавек. Каб яго выканаць, за два астатнія месяцы трэба набраць яшчэ больш за 110 тысяч.

У трэцім квартале кантрактаў падпісалі на 10% менш, чым годам раней. Кастрычніцкі набор апынуўся на 11% ніжэй за леташні і на 17% ніжэй, чым у кастрычніку 2024 года. Набор падае.

Грошы не дапамагаюць. За год сярэдні бонус за падпісанне кантракта вырас прыкладна на 20%, або на 400 тысяч рублёў, а ў параўнанні з пачаткам 2025 года — на 60%.

Набор ужо некалькі месяцаў не пакрывае страт, адзначаюць аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW). Паводле дадзеных заходніх разведак, расійская армія страчвае ва Украіне каля 50 тысяч чалавек забітымі і параненымі кожны месяц, гэта значыць больш, чым набірае. Агульныя страты з пачатку вайны набліжаюцца да 1,5 млн чалавек.

Апошнія навіны