BE RU EN

У Беларусі знайшлі вірус для Android, здольны падмяняць банкаўскія даныя

  • 24.11.2026, 9:31

Ён выкарыстоўвае штучны інтэлект.

У Беларусі і Расіі выявілі новы небяспечны траян RatHat для смартфонаў на Android. Ён маскіруецца пад звычайнае прыкладанне, атрымлівае доступ да экрана, камеры і мікрафона, а таксама можа падмяняць банкаўскія даныя. Для працы віруса зламыснікі выкарыстоўваюць штучны інтэлект, паведамляе ТАСС са спасылкай на кампанію па кібербяспецы F6.

RatHat упершыню апісалі ў верасні 2026 года. Шкоднасную праграму распаўсюджваюць праз падробленыя сайты, арыентаваныя на карыстальнікаў фінансавых сэрвісаў, прычым адзін з даследаваных узораў траяна выдаваў сябе за прыкладанне новай сацыяльнай сеткі.

Пасля ўсталявання прыкладанне здольнае за лічаныя секунды атрымаць пашыраныя дазволы на прыладзе — для карыстальніка гэты працэс выглядае як звычайнае пераключэнне паміж вокнамі. У выніку зламыснікі могуць атрымаць доступ да экрана смартфона, камеры, мікрафона і іншых функцый.

Акрамя таго, траян умее падмяняць уведзеныя даныя, у тым ліку рэквізіты банкаўскіх картак. Каб яго было складаней выяўіць, ён можа змяняць назву і іконку прыкладання або наўогул хавацца з галоўнага экрана.

Асаблівасць RatHat — выкарыстанне нейрасеткі Google Gemini 2.5 Flash-Lite, да якой распрацоўшчыкі падключылі траян праз API. ШІ дапамагае шкоднаснай праграме адаптавацца да розных версій Android і знаходзіць патрэбныя элементы інтэрфейсу — гэта дазваляе зламыснікам атакаваць карыстальнікаў у розных краінах.

Пакуль спецыялісты выявілі каля дзесяці заражаных прылад у Беларусі і Расіі. Аднак у F6 папярэджваюць, што невялікая колькасць выяўленых выпадкаў можа сведчыць пра пачатак больш маштабнай кампаніі супраць кліентаў банкаў.

Апошнія навіны