Лукашэнка спалохаўся
- 24.11.2026, 13:13
«Белшыню» можа чакаць катастрофа.
Расійскія вытворцы не павінны ствараць канкурэнцыю беларускім на родным для Лукашэнкі расійскім рынку. Пра гэта сказаў Лукашэнка ў панядзелак падчас сустрэчы з губернатарам Амскай вобласці. У 2029 годзе там плануюць запусціць вытворчасць буйнагабарытных шын. Для «Белшыны» гэта можа стаць канчатковай фінансавай катастрофай, піша planbmedia.io.
Лукашэнка незадаволены канкурэнцыяй з Расіі
«Там, дзе можна сваім найбліжэйшым саюзнікам ствараць умовы для развіцця на карысць самой Расіі, — гэта трэба рабіць», — сказаў Лукашэнка.
Сустрэкаючыся з Віталем Хоценкам, Лукашэнка абурыўся тым, што Расія стварае ў сябе вытворчасці, якія ўжо ёсць у Беларусі. Бо расійскія вытворцы на расійскім рынку ствараюць непажаданую канкурэнцыю беларускім прадпрыемствам. А ў беларускіх прадпрыемстваў на расійскім рынку і так хапае канкурэнтаў.
«Думаю, што, калі Беларусь можа забяспечыць патрэбы рынку Расіі па нейкіх напрамках, трэба гэта выкарыстоўваць. Закупаць не трэба. Трэба падумаць над гэтым. Каб абараніць агульны рынак Расіі і Беларусі», — наракаў Лукашэнка.
Завод у Амску як падстава для незадавальнення
Непасрэднай падставай для незадавальнення сталі планы па будаўніцтве ў Амску завода буйнагабарытных шын. Зараз буйныя шыны ў Расіі ўвогуле не вырабляюцца. Усе патрэбы Расія закрывае за кошт імпарту, у якім пастаўкі з «Белшыны» адыгрываюць заўважную ролю. Калі вытворчасць у Амску запусцяць, новы завод за год будзе выпускаць 10,5 тысячы буйнагабарытных шын.
Лукашэнка лічыць, што «гэта зусім нікуды не годзіцца».
Чым рызыкуе «Белшына»
І яго можна зразумець. На экспарт ідзе 40 працэнтаў прадукцыі «Белшыны». Пры гэтым асвоіць афрыканскія і азіяцкія рынкі не атрымалася. Таму дзевяць з дзесяці экспартных шын ідуць на расійскі рынак. І менавіта вытворчасць буйнагабарытных шын забяспечвае «Белшыне» 40 працэнтаў выручкі. А фінансавыя вынікі «Белшыны» і без таго ўжо даўно не радуюць.
Расійская сетка «Белшыны» ў перадбанкрутным стане
Даныя пра стан сваіх фінансаў «Белшына» закрыла яшчэ ў 2020 годзе. Аднак рэальны фінансавы стан прадпрыемства можна ацаніць па ўскосных прыкметах. Па выніках 2025 года расійская сетка кампаній, звязаных з «Белшынай», знаходзілася ў перадбанкрутным стане.
ТД «Белшына» ў Краснадарскім краі з'яўляецца банкрутам яшчэ з 2022 года. Актывы ніжагородскага ТАА «Белшына-Урал» у 2025 годзе пайшлі ў мінус на 19,4 мільёна расійскіх рублёў. Актывы ТД у Цюмені — на 32 мільёны. ТД у Іркуцку паказаў фармальны прыбытак у 50 тысяч рублёў. Пры гэтым чыстыя адмоўныя актывы выраслі да 316 мільёнаў. Тобок расійская сетка «Белшыны» знаходзіцца прыкладна ў такім жа стане, як і расійскія сеткі іншых беларускіх гігантаў.
Продажы ніжэй за сабекошт
Каб утрымацца на рынку, завод у 2025 годзе прадаваў буйнагабарытныя шыны на 16–20 працэнтаў ніжэй за сабекошт. Сам Лукашэнка з-за гэтага называў расійскіх партнёраў жулікамі. Яшчэ ў 2023 годзе дырэктар завода Аляксандр Бунакоў быў арыштаваны за тое, што ён заніжаў цэны. Фінансавы стан «Белшыны» пасля гэтага чамусьці лепшым не стаў.
Страта рынку буйнагабарытных шын у Расіі пагражае беларускаму прадпрыемству сапраўднай фінансавай катастрофай.
Таму нядзіўна, што Лукашэнка так перажываў з-за з'яўлення расійскага канкурэнта.