BE RU EN

Беларуская чыгунка ўводзіць новы расклад руху цягнікоў

  • 24.11.2026, 13:34

З'явяцца новыя маршруты і дадатковыя рэйсы.

Новы расклад руху цягнікоў пачне дзейнічаць на Беларускай чыгунцы. Яго ўводзяць з 13 снежня 2026 года і ён будзе актуальны цягам года, паведамілі у прэс-службе БЧ.

На найбольш запатрабаваных напрамках павялічана частата курсіравання складаў. Астатак 2026 года і амаль увесь 2027‑ы па сетцы Беларускай чыгункі будзе курсіраваць 380 пар пасажырскіх цягнікоў:

29 пар у міжнародных зносінах

22 — на міжрэгіянальных лініях бізнес-класа

32 — на міжрэгіянальных лініях эканам-класа

17 — на рэгіянальных лініях бізнес-класа

250 — на рэгіянальных лініях эканам-класа

30 — у зносінах з гарадамі-спадарожнікамі Мінска.

«На рэгіянальныя зносіны прыходзіцца каля 70% пасажырапатоку Беларускай чыгункі. Для жыхароў многіх населеных пунктаў цягнікі рэгіянальных ліній эканам-класа забяспечваюць штодзённыя паездкі на працу і вучобу», — паведамілі ў БЧ.

Там патлумачылі, што пры складанні раскладу ўлічваліся сфармаваныя пасажырапатокі, тэхнічныя магчымасці інфраструктуры і ўмовы арганізацыі руху на асобных участках.

Што зменіцца ў Беларусі

Паводле інфармацыі БЧ, ва ўнутрырэспубліканскіх зносінах прыкметна павялічыцца аб’ём перавозак цягнікамі рэгіянальных ліній бізнес-класа. Гэта датычыць найперш напрамкаў, якія злучаюць сталіцу з Пінскам, Мазырам і Полацкам.

На кожным з гэтых напрамкаў упершыню будуць хадзіць тры пары цягнікоў штодня — раніцай, удзень і ўвечары.

«Гэта дазволіць значна пашырыць магчымасці пасажыраў пры выбары зручнага часу паездкі як у сталіцу, так і ў зваротным напрамку», — адзначылі ў прэс-службе.

Больш складоў стане на напрамку Гомель — Мінск. Павялічыцца частата курсіравання цягнікоў міжрэгіянальных ліній бізнес-класа №710/747 Мінск — Гомель — Мінск. Пакуль яны ходзяць толькі па пятніцах, суботах і нядзелях. Цяпер будуць курсіраваць штодня.

Дадаткова будзе арганізавана курсіраванне цягнікоў рэгіянальных ліній бізнес-класа па маршруце Ліда — Баранавічы — Ліда і Баранавічы — Пінск — Баранавічы.

Адной з навацый раскладу стане арганізацыя скразнога руху цягнікоў гарадскіх ліній праз станцыю Мінск‑Пасажырскі. Шэсць пар складаў штодня будуць курсіраваць паміж станцыямі Рудзенск і Беларусь (г. Заслаўе).

Новы маршрут і паўночны напрамак

З 13 снежня пусцяць новы штодзённы дзённы цягнік №613/614 Гомель — Магілёў — Віцебск. Ён звяжа тры абласныя цэнтры на ўсходзе Беларусі. Склад сфармуюць з пасажырскіх вагонаў лакаматыўнай цягі.

Таксама да Гомеля працягнуць маршрут цягніка, які раней курсіраваў паміж Полацкам і Магілёвам. На ім можна будзе ў любы дзень дабрацца з Полацка праз Віцебск і Магілёў да Гомеля і ў зваротным напрамку.

Арганізацыя пасажырскіх перавозак таксама змяняецца на напрамках Віцебск — Лынтупы, Віцебск — Друя і Мінск — Друя.

«Замест раней дзеючага начнога паведамлення цягнікамі міжрэгіянальных ліній прадугледжваецца арганізацыя руху цягнікоў рэгіянальных ліній бізнес-класа ў дзённы час з выкарыстаннем маторавагоннага рухомага складу, у тым ліку з магчымасцю следавання пасажыраў з перасадкай», — патлумачылі ў БЧ.

Як адзначылі на прадпрыемстве, змены ў арганізацыі перавозак на пазначаных напрамках выклікалі значную зацікаўленасць у жыхароў Віцебскага рэгіёна.

Міжнародныя маршруты

У раскладзе руху, які будзе актуальны і ў 2027 годзе, захаваны маршруты курсіравання міжнародных цягнікоў.

Улетку для паездак у Санкт‑Пецярбург штодня будзе хадзіць цягнік №50/49 Мінск — Санкт‑Пецярбург — Мінск.

У асобныя дні тыдня ў склады цягнікоў №30/29 і №148/147 Масква — Калінінград — Масква ўключаць дадатковыя групы вагонаў Масква — Мінск — Масква. У святочныя дні прадугледжаны дадатковыя цягнікі на міжнародных напрамках.

Як і раней, будзе хадзіць цягнік №302/301 Мінск — Адлер — Мінск. Зменіцца толькі маршрут яго следавання на ўчастку ад Мінска да Бранска. У новым раскладзе ён будзе ісці з Мінска праз Оршу і Смаленск да Бранска, а далей да Адлера праследуе ранейшым маршрутам.

Жыхары Гомеля змогуць дабірацца да Адлера і назад без перасадкі.

Апошнія навіны