BE RU EN

Амерыканскія кангрэсмены папрасілі не пускаць Пуціна ў Маямі

  • 24.11.2026, 16:44

Дыктатару ў Амерыцы не рады.

Дваццаць членаў Палаты прадстаўнікоў ЗША заклікалі прэзідэнта Дональда Трампа адклікаць запрашэнне Уладзіміра Пуціна на саміт G20 у Маямі. Прычынай звароту сталі вайна ва Украіне і паведамленні пра дапамогу Расіі Ірану.

Ініцыятарамі ліста выступілі рэспубліканец Дон Бэйкон і дэмакраты Пэт Раян і Гіл Сыснэрас.

«Зараз не час для эканамічнага супрацоўніцтва або дыскусій з Расіяй — за выключэннем абмеркавання спынення яе несправядлівай вайны», — гаворыцца ў лісце. «Пуціну ў Амерыцы не рады», — напісаў Бэйкон у сацсетцы X.

Кангрэсмены таксама сцвярджаюць, што перададзеныя Масквой Тэгерану спадарожнікавыя здымкі маглі быць выкарыстаныя падчас атакі на авіябазу ў Саудаўскай Аравіі ў канцы сакавіка. У выніку ўдару былі паранены 12 амерыканскіх вайскоўцаў.

Усе тры кангрэсмены выступаюць за ваенную падтрымку Украіны. У чэрвені Бэйкон, Раян і Сыснэрас галасавалі за законапраект аб дапамозе Кіеву, які прадугледжваў выдзяленне да $8 млрд ваенных крэдытаў і ужорстчанне санкцый супраць Расіі.

У верасні з аналагічным патрабаваннем выступілі 14 сенатараў. Яны таксама заклікалі не дапускаць да мерапрыемстваў G20 у ЗША расійскіх чыноўнікаў пад санкцыямі, пісала The Washington Post. У жніўні міністр фінансаў Расіі Антон Сілуанаў пабываў на сустрэчы міністраў фінансаў «Вялікай дваццаткі» ў амерыканскім Эшвіле.

Пра запрашэнне Пуціна 23 верасня паведамляў дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіа. Ён патлумачыў гэта неабходнасцю весці дыялог з краінамі, з якімі ў Вашынгтона ёсць рознагалоссі. У размовах з еўрапейскімі чыноўнікамі Рубіа сумняваўся, што Пуцін прыедзе, піша «Радыё Свабода». Расійскі прэзідэнт асабіста не ўдзельнічаў у самітах G20 з 2019 года. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі дапускаў, што ў Маямі могуць адбыцца перамовы з Трампам і Пуціным.

Саміт адбудзецца 14–15 снежня на гольф-курорце Trump National Doral Miami. Вашынгтон назваў галоўнымі тэмамі свайго старшынства ў «Вялікай дваццатцы» эканамічны рост, скарачэнне дзяржаўнага рэгулявання, даступную энергетыку і развіццё штучнага інтэлекту.

Апошнія навіны