BE RU EN

У Расіі спалілі 500 руж, якія везлі з Беларусі

  • 24.11.2026, 22:17

Расельгаснагляд назваў прычыну.

Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе (Расельгаснагляд) знішчыла цэлую партыю кветак, што паступіла з Беларусі. Справа ў тым, што ў 500 ружах выявілі заходняга кветкавага трыпса — небяспечнага шкодніка сельскагаспадарчых і дэкаратыўных раслін.

У прэс-службе Расельгаснагляду паведамілі, што аўтамабіль з кветкамі праверылі 21 лістапада на трасе М1 у Смаленскай вобласці. Ружы вырасцілі ў Эквадоры, а праз Беларусь іх везлі транзітам. Акрамя раслін у Расію маглі трапіць і небяспечныя шкоднікі.

«З мэтай недапушчэння распаўсюджвання небяспечнага каранціннага шкодніка на тэрыторыі Расіі заражаныя кветкі знішчаныя шляхам спальвання», — адзначылі ў ведамстве і дадалі, што перавозчыку вынеслі папярэджанне.

Заходні кветкавы трыпс — дробнае насякомае, якое паражае агароднінныя і дэкаратыўныя культуры. Пашкоджаныя ім лісты і кветкі хутка вянуць і абсыпаюцца, а бутоны і плады дэфармуюцца. Для чалавека шкоднік не небяспечны, аднак ён здольны пераносіць вірусныя захворванні раслін.

Дарэчы, гэта ўжо не першы падобны выпадак у лістападзе. Тыдзень таму Расельгаснагляд паведаміў пра знішчэнне 300 эквадорскіх руж, якія таксама везлі з Мінска ў Маскву.

Апошнія навіны