Пентагон вырашыў прыцягнуць General Motors і Ford да масавай вытворчасці баявых дронаў
- 24.11.2026, 23:41
Міністэрства абароны ЗША ўжо вядзе перамовы з аўтавытворцамі.
Міністэрства абароны ЗША ўжо некалькі месяцаў вядзе перамовы з аўтавытворцамі, маючы намер з іх дапамогай наладзіць масавы выпуск дронаў, расказалі The Wall Street Journal https://www.wsj.com/politics/national-security/ford-general-motors-military-drones-c082d202) людзі, якія пра гэта ведаюць. У кіраўніцтве Пентагона зразумелі, што ў амерыканскіх распрацоўшчыкаў дронаў не стае маштабу, каб рэалізаваць план міністэрства па вытворчасці мільёнаў дронаў. Таму яно хоча скарыстаць для гэтага наладжаныя ланцужкі паставак і зборкавыя лініі аўтамабільных кампаній.
Паводле ацэнак Пентагона, аб’ём рынку ваенных дронаў дасягне $20–30 млрд у год. Паводле крыніц WSJ, ведамства гатова прапанаваць аўтаканцэрнам істотную долю гэтай сумы. Мяркуецца, што яны будуць пастаўляць запасныя часткі вытворцам дронаў. У прыватнасці, General Motors ужо разглядае магчымасць выпуску рухавікоў. Прадстаўнікі Пентагона сустракаліся таксама з кіраўніцтвам Ford Motor, канадскага вытворцы аўтазапчастак Magna International і яшчэ шэрагу кампаній, у тым ліку з іншых галін.
Праграма прадугледжвае выпуск кампанентаў для розных тыпаў дронаў — як разведвальных, так і ўдарных. Гэтай восенню міністэрства стварыла спецыяльнае камандаванне, якое каардынуе працу па вытворчасці дронаў і іх пастаўках у войскі.
Як адрэагавалі аўтамабільныя кампаніі
Пакуль канкрэтныя дамоўленасці не дасягнутыя, адзначаюць крыніцы WSJ; рэакцыю аўтамабільных кампаній яны назвалі неадназначнай.
Супрацоўніцтва з вайскоўцамі аўтавытворцам бачыцца рызыкоўным і малапрыбытковым, а то і стратным бізнесам. Некаторыя лічаць, што праца ў абароннай сферы не ўпісваецца ў іх асноўную дзейнасць і звязаная з істотнай нявызначанасцю, улічваючы, што вакол ваенных выдаткаў пастаянна ўзнікаюць спрэчкі ў Кангрэсе. Акрамя таго, такой дзейнасці ўласцівыя рэпутацыйныя рызыкі.
У прыватнасці, Ford устрымліваецца ад вытворчасці зброі, абмяжоўваючыся пастаўкамі Пентагону транспартных сродкаў і абсталявання, што ў большай ступені адпавядае яе існуючай камерцыйнай лінейцы.