Германія інвестуе больш за 4 млрд еўра ў закупку ракет для Patriot
- 25.11.2026, 2:19
Названыя запланаваныя тэрміны паставак.
Германія плануе інвеставаць больш за 4 млрд еўра ў закупку ракет для зенітна-ракетных комплексаў (ЗРК) Patriot і спадарожнага абсталявання. Пра гэта ў аўторак, 24 лістапада, паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на дакументы міністэрстваў абароны і фінансаў, перадае DW.
Дакладная колькасць ракет не пазначаная. Разам з тым базавы кантракт прадугледжвае мінімальную замову ў памеры 480 адзінак, пастаўка якіх запланаваная на перыяд з 2030 па канец 2033 года, адзначыла Reuters. Канчатковыя тэрміны залежаць, у прыватнасці, ад забеспячэння амерыканскімі кампанентамі.
Новыя кіраваныя ракеты тыпу GEM-T плануецца набыць на суму каля 2,42 млрд еўра, вынікае з дакументаў Мінабароны і Мінфіну ФРГ. Іншым дакументам прадугледжаная закупка транспартных сродкаў, а таксама пунктаў кіравання агнём для сістэм на суму крыху менш за 2 млрд еўра.
Авансавы плацёж павінен паступіць да канца года
Згодна з дакументамі, авансавы плацёж за ракеты ў памеры каля 568 млн еўра павінен быць зроблены яшчэ ў бягучым годзе.
Бюджэтны камітэт бундэстага павінен ухваліць пастаўкі яшчэ ў снежні, піша Reuters.
Сумеснае прадпрыемства Comlog з'яўляецца галоўным падрадчыкам па пастаўцы кіраваных ракет. Акцыянеры кампаніі — MBDA Deutschland (Airbus, BAE Systems, Leonardo) і амерыканскі абаронны канцэрн Raytheon, кожны з якіх валодае 50 працэнтамі акцый.