«Мірны пераварот» генерала Івашова
- Ананімны аўтар, «Тэма»
- 25.11.2026, 10:30
Аксюмарон выглядае як намёк ці нават ультыматум.
У Расіі адкрыта загаварылі пра змяшчэнне Пуціна. І заявіў гэта не ваенкар-зэтнік, і не «добры рускі» з Еўропы. Гэта сказаў цэлы адстаўны генерал, які пражывае ў Крыме.
У часткі грамадства пануе прострацыя: гэтая вайна бясконцая, Пуцін яе ніколі не скончыць, унутры краіны ў яго ўсё схоплена… Ці такі ўжо ўсесільны крамлёўскі карлік і яго нукеры? Расія адназначна стамілася ад гэтай «трохдзённай вайны». Але, здавалася б: ніхто не адважыцца нічога запярэчыць. Вядома, што бывае з тымі, хто думае інакш. Прыгожын мёртвы, Стралкоў у турме, Навальны атручаны.
А 83-гадовы генерал Івашоў поўны сіл і мірна жыве ў Крыме, адкуль жорстка крытыкуе ўладу. Яна яго чамусьці не чапае. Магчыма, таму, што за ім — значны аўтарытэт сярод вайсковых. І тое, што гэты генерал на свабодзе, — маркер таго, што Пуцін не ўсесільны, Расія ўжо не адзіная ў сваім Зэт-порыве.
Апошняе інтэрв'ю Івашова набрала амаль 200.000 праглядаў, у яго канала без малага 100.000 падпісчыкаў. Гэта сур'ёзна.
Галоўныя тэзісы гадзіннага інтэрв'ю Івашова ад 20 лістапада. Расійская армія разваленая і дэмаралізаваная, ЗСУ — нашмат круцейшыя. Настроі ў грамадстве ўпадніцкія, нават у Крыме «зэтнікі» зрываюць свае налепкі. Падзенне Крымскага моста — гэта чаканая адказка ЗСУ на абстрэлы мастоў цераз Дняпро. Цяперашні лідар вядзе краіну да катастрофы. Распад Расіі Івашоў прадказвае да 2027–28 гадоў. Каб выратаваць айчыну, ён заклікае да «мірнага перавароту». То-бок — да сыходу Пуціна ад улады.
Як вядома, перавароты мірнымі не бываюць. Верагодна, Івашоў наўмысна выкарыстаў гэты аксюмарон. Гэта выглядае як намёк ці нават ультыматум: калі перадача ўлады не будзе мірнай, тады яна будзе ў форме генеральскага перавароту.
Думаю, пасля ЗСУ і ўкраінскага народу генерал Івашоў зрабіў гэтым інтэрв'ю больш за іншых для набліжэння міру. Путіну няма куды дзёргацца — давядзецца ісці на мір. Яму, безумоўна, страшна, і шанцаў выжыць пасля гэтага няшмат, але ісці на спыненне вайны давядзецца. Інакш шанцаў выжыць у яго — ніводнага.
Ананімны аўтар, «Тэма»