BE RU EN

«У Беларусі я б не нарадзіла столькі дзяцей»

  • 26.11.2026, 17:47

Беларуска распавяла пра жыццё вялікай сям'і ў Варшаве.

У Ганны семера родных дзяцей. А яшчэ разам з імі жыве Ніка — дзяўчына з Украіны, якую беларуска таксама лічыць сваёй дачкой. Старэйшай з родных дачок беларускай — 19 гадоў, малодшаму сыну — усяго восем месяцаў. Цяпер вялікая сям'я жыве ў Варшаве.

Ганна распавяла MOST, як спраўляецца з васьмю дзецьмі, на якую падтрымку можа разлічваць у Польшчы і чаму лічыць, што ў Беларусі не адважылася б стаць мамай сямёх дзяцей.

У кастрычніку 2021 года Ганна з'ехала з Беларусі разам з чатырма дачкамі. Прычынай ад'езду стаў удзел у пратэстах. Паводле слоў беларускай, супраць яе ўзбудзілі крымінальныя справы, таму давялося з'язджаць тэрмінова.

— Мы нейкі час жылі ў лагеры для ўцекачоў. Потым нам дапамагала польская сям'я: прывозіла адзенне, прадукты. Тады мы не маглі працаваць, жилі на невялікую дапамогу, — узгадвае Ганна.

У Польшчы ў Ганны нарадзіліся яшчэ трое сыноў. Цяпер малодшаму, Артуру, восем месяцаў, Дабрыні — крыху больш за два гады, а Алёшы — крыху больш за тры.

«Збірайся і прыязджай, мы цябе чакаем»

Восем дзяцей у сям'і — гэта семера родных і Ніка, дзяўчына з Украіны, якая паступова стала для Ганны дачкой. Яны пазнаёміліся праз старэйшую дачку Ганны: дзяўчынкі вучыліся ў адным класе і сябравалі. Тады Ніцы было 17 гадоў. Ганна заўважыла, што дзяўчына трымаецца адасоблена. З цягам часу яны пачалі больш размаўляць, і высветлілася, што ў Нікі ў сям'і складная сітуацыя.

Падрабязнасцяў беларуска не раскрывае — кажа, што гэта асабістая справа Нікі. Але пазней Ганна і яе муж хацелі аформіць апеку над дзяўчынай, пакуль та была непаўналетняй, і нават збіралі дакументы. Тады зрабіць гэтага не атрымалася. А калі дзяўчыне споўнілася 18 гадоў, яна сама вырашыла пераехаць да Ганны.

— Цяпер яна мяне называе мамай, а мужа — татам.

Сама Ніка прызналася ў размове, што рашэнне з'ехаць далося ёй няпроста. Тады яна хадзіла на тэрапію і абмяркоўвала сітуацыю з тэрапеўтам.

— Тэрапеўт мне сказала: «Калі ты адчуваеш, што гэта магчымасць збегчы ад таго, што было, дзейнічай». Я так і зрабіла, але не ведала, куды ісці. Напісала Ганне, ці змагу прыехаць. Яна адказала: «Збірайся і прыязджай, мы цябе чакаем». Праз тры дні я ўжо была ў іх.

Першы час дзяўчыне было страшна: столькі клопату і любові яна раней не ведала.

— Я часта зачынялася ў пакоі. Але з часам цёплая коўдра, якой мяне накрыла сям'я, зрабіла сваю справу. Я растаяла, пачала больш усміхацца і смяяцца. Калі мяне называлі сястрой і дачкой, я часам не магла стрымаць слёзы.

Цяпер, кажа Ніка, мінула ўжо восем месяцаў.

— Магу з упэўненасцю сказаць: у мяне ёсць мама Аня, тата і сем малодшых братоў і сясцёр.

Дзень пачынаецца а шостай раніцы, а заканчваецца — пасля поўначы

Звычайны дзень Ганны пачынаецца каля шостай раніцы, а часам і ў пяць. Муж сыходзіць на працу рана і вяртаецца позна. Ганна застаецца дома з трыма малодшымі сынамі.

Раніцай трэба прыгатаваць сняданак, сабраць старэйшых дзяцей, накарміць малых. Калі дачкі вяртаюцца са школы, іх чакае абед. Потым — вячэра, прыборка і іншыя хатнія справы.

Увечары муж бярэ клопат пра дзяцей на сябе. Калі ўсе засыпаюць, сужэнцы займаюцца хатнімі справамі: мыюць падлогі, разбіраюць і развешваюць выпраныя рэчы. Кладуцца звычайна пасля поўначы. Памочнікаў у сям'і няма. Усе жывуць разам у арандаваным доме ў Варшаве.

У доме ёсць і гадаванцы з прытулку — пакуль гэта дзве сабакі, а неўзабаве з'явіцца яшчэ і кот.

— Абралі ў валанцёраў — будзе ў нас кот на трох лапах: чацвёртую давялося ампутаваць.

«Я ж нараджаю для сябе — не для вас»

Паводле слоў Ганны, сям'я не сутыкалася з негатыўным стаўленнем палякаў праз колькасць дзяцей. Хутчэй яны дзівяцца і пытаюцца, як бацькі ўсё паспяваюць.

— Кажуць: «Matka Boska, як вы сабе спраўляецеся?» Пытаюцца, ці цяжка нам. Але дрэннага стаўлення я не заўважала.

Непрыемныя каментары, кажа Ганна, даводзілася чуць ад рускамоўных эмігрантаў: расіян, украінцаў і беларусаў. Некаторыя дзівіліся, навошта сям'і столькі дзяцей, і дазвалялі сабе фразы кшталту «панараджалі».

— Я ж нараджаю для сябе — не для вас. Вы ж маіх дзяцей не ўтрымліваеце, праўда? Мы самі працуем і ўтрымліваем сваіх дзяцей, — разважае Ганна.

«У Беларусі я б не нарадзіла столькі дзяцей»

У Беларусі, лічыць Ганна, чацвёра дзяцей былі б межай. Паводле яе слоў, занадта дорага каштавалі прадукты, падгузкі, адзенне і іншыя неабходныя рэчы. А дапамог, якія выплачваюць на малых дзяцей, недастаткова, каб пакрыць гэтыя выдаткі.

— Я б там дакладна не нарадзіла столькі дзяцей.

У Польшчы, лічыць Ганна, фінансавая падтрымка сем'яў з дзецьмі больш адчувальная. Цяпер сям'я атрымлівае 1000 злотых на малодшае дзіця да года і 500 злотых на дзіця ва ўзросце ад двух да трох гадоў. Разам гэта 1500 злотых у месяц. Акрамя таго, сям'я падала заяву на выплату дапамогі 800+ (800 злотых на кожнае дзіця).

— Раней [у гэтым годзе] нам адмаўлялі з-за праблем з адлічэннямі [сацыяльных узносаў] у ZUS у былога працадаўцы мужа. Цяпер муж змяніў працу, і мы чакаем рашэння па новай заяўцы. Калі выплату ўхваляць, будзем атрымліваць яшчэ 4800 злотых у месяц на шасцярых дзяцей. Разам з цяперашнімі дапамогамі гэта каля 6300 злотых.

У сям'і таксама ёсць карта Duża Rodzina (Вялікая сям'я). Яна дае зніжкі ў некаторых крамах — напрыклад, на адзенне, дзіцячае харчаванне і падгузкі. Памер зніжак залежыць ад крамы і тавару.

Мэблю для дому знайшлі бясплатна

Ганна кажа, што ў Польшчы многія людзі аддаюць непатрэбныя рэчы бясплатна. Асабліва часта, паводле яе назіранняў, можна знайсці аб'явы пра дзіцячыя каляскі, мэблю і належнасці для малых.

Калі мы пераязджалі ў дом, у якім амаль не было мэблі, нам удалося знайсці патрэбныя рэчы на OLX. Некалькі вялікіх шаф і іншую мэблю аддалі бясплатна. Плацілі толькі за перавозку.

— Шафы былі добрыя, вялікія. Мы практычна поўнасцю абставілі дом дзякуючы такім аб'явам, — расказвае Ганна.

Марыць адкрыць кафэ са стравамі хатняй кухні

Нягледзячы на вялікую сям'ю і пастаянныя хатнія клопаты, Ганна будуе планы. Яна хацела б адкрыць кафэ, дзе будуць гатаваць хатнюю ежу.

— Калі да мяне прыходзяць у госці, усе хваляць маю ежу і кажуць: «Ну калі ты ўжо адкрыеш сваю кавярню?» — расказвае Ганна.

Апошнія навіны