Мірскі замак трапіў у сотню найлепшых крэпасцяў планеты
- 26.11.2026, 18:22
У спісе ён апярэдзіў Гайдэльбергскі замак і японскі Мацумота.
Мірскі замак уключылі ў сусветны спіс ста найлепшых замкаў і крэпасцяў планеты The World’s 100 Best Castles & Fortresses 2026. Рэйтынг склаў незалежны праект з Мюнхена Worth a Journey.
Мірскі замак заняў 89-е месца ў сусветным спісе са 100 аб'ектаў і 69-е сярод 75 найлепшых гістарычных крэпасцяў Еўропы. Ён стаў адзіным беларускім аб'ектам, які трапіў у гэты рэйтынг.
У апісанні замак характарызуецца як чырвонацагляная крэпасць з ровам ля возера. Наведвальнікам раяць агледзець капліцу-пахавальню князёў Святаполк-Мірскіх, падзямеллі і казематы, а таксама падняцца па вузкіх вінтавых лесвіцах на вежы.
Мірскі замак апярэдзіў вядомыя крэпасці Еўропы і Азіі
У сусветным рэйтынгу непасрэдна перад Мірскім замкам размясціліся Прад'ямскі замак у Славеніі (87-е месца) і Акрокарынф у Грэцыі (88-е). Наступныя пазіцыі занялі крэпасць Рудхан у Іране (90-е месца) і Касба Амрыдыль у Марока (91-е).
Беларускі замак апярэдзіў таксама шэраг вядомых гістарычных помнікаў: Гайдэльбергскі замак у Германіі заняў 92-е месца, ірландскі Бунратці — 93-е, японскі Мацумота — 95-е, французскі П'ерфон — 96-е, а грузінская крэпасць Рабат у Ахалцыхе — 100-е.
Першае месца ў сусветным і еўрапейскім рэйтынгах атрымаў славацкі Араўскі Град. Другое месца заняў японскі замак Хімэдзі, які стаў лідарам сярод азіяцкіх аб'ектаў. На трэцяй пазіцыі апынуўся румынскі замак Карвінаў.
Як складалі рэйтынг
Мюнхенскае выдавецтва Worth a Journey спецыялізуецца на пошуку мясцін, якія, на думку яго каманды, сапраўды вартыя асобнага падарожжа. Пры складанні рэйтынгу выкарыстоўваюцца алгарытмы на аснове вялікіх моўных мадэляў, якія аналізуюць ацэнкі і водгукі турыстаў. Пасля гэтага рэдакцыя дадаткова правярае аб'екты падчас выязных інспекцый.
Галоўны рэдактар праекта Якаб Швіхтэнберг патлумачыў, што мэта рэйтынгу — вылучыць мясціны, якія пакідаюць моцнае ўражанне на людзей, што асабіста іх наведалі.