BE RU EN

У СІЗА памёр 63-гадовы палітвязень Юрый Лукша

  • 26.11.2026, 18:39

Пасля Акрэсціна ў яго рэзка пагоршылася здароўе.

У мінскім СІЗА памёр 63-гадовы Юрый Лукша. Паводле слоў сяброў мужчыны, ён чакаў суда па палітычнай справе, якая магла быць звязаная з двума каментарыямі, аднак дакументальнага пацвярджэння гэтай інфармацыі няма, паведамляе «Наша Ніва».

Інфармацыя пра многія выпадкі палітычных пераследаў у Беларусі даходзіць да праваабаронцаў не адразу. Калі б сваякі Лукшы паведамілі пра ягоны арышт, яго, верагодна, прызналі б палітвязнем. Пасля суда ён таксама мог трапіць у базу палітвязняў і публічны міліцэйскі спіс «экстрэмістаў». Аднак да суда справа Лукшы так і не дайшла, таму афіцыйнага статусу палітвязня ў яго не было.

Юрый Лукша нарадзіўся 20 верасня 1962 года ў горадзе Жоўква каля Львова. Да арышту ён шмат гадоў працаваў у Брэсце антыкрызісным кіраўніком — суправаджаў банкруцтвы і ліквідацыі прадпрыемстваў, пераважна будаўнічага профілю.

Падзеі 2020 года і пачатак поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, паводле знаёмых, мужчына перажываў вельмі цяжка.

Па Лукшу прыйшлі ў кастрычніку 2025 года. З Брэста яго перавезлі ў Мінск. Спачатку мужчыну дзесяць дзён трымалі на Акрэсціна. Як пазней расказалі сям'і сукамернікі, менавіта там ён моцна захварэў.

Пасля гэтага Лукшу перавялі ў СІЗА ў Калядзічах. Там Юрый часта скардзіўся на праблемы з сэрцам.

Тым часам справа набліжалася да суда. Сам Юрый захоўваў пазітыўны настрой. І ён, і ягоная сям'я спадзяваліся, што для яго, як для пенсіянера, усё скончыцца «хатняй хіміяй».

Да суда ён так і не дажыў

Наколькі вядома, Юрый Лукша памёр ад сардэчнай недастатковасці 29 снежня 2025 года. Суда ён так і не дачакаўся. Цела сям'і аддалі толькі пасля Новага года.

Лукшу пахавалі ў аграгарадку Ракітніца Жабінкаўскага раёна. У яго засталіся жонка і дарослая дачка.

Апошнія навіны