Як у кіно: мужчына напаў на банк у Магілёве і схаваўся
- 26.11.2026, 19:59
У вобласці ўвялі спецыяльныя планы.
У Магілёве 26 лістапада каля 17:55 адбыўся разбойны напад на аддзяленне банка, паведамляе МУС.
«…Мужчына, пагражаючы прадметам, падобным да пісталета, завалодаў грашовымі сродкамі ў эквіваленце каля васьмі тысяч рублёў, пасля чаго схаваўся з месца злачынства», — расказалі ў ведамстве.
На тэрыторыі Магілёўскай вобласці ўвялі спецыяльныя планы для затрымання падазраванага.
Сітуацыя знаходзіцца на асабістым кантролі Міністра ўнутраных спраў.
На месца здарэння накіраваныя супрацоўнікі падраздзяленняў крымінальнай міліцыі цэнтральнага апарату.
Устанаўліваюць асобу і перамяшчэнні
У аддзяленні банка працуе следча-аператыўная група. Следчыя і спецыялісты УДКСЭ праводзяць дэтальны агляд, фіксуюць слядовую карціну, вымаюць сляды і аб’екты, вывучаюцца запісы камер відэаназірання.
На месца здарэння таксама выбыла кіраўніцтва УСК па Магілёўскай вобласці.
Супрацоўнікі Следчага камітэта разам з органамі ўнутраных спраў устанаўліваюць маршрут перамяшчэння і асобу нападніка, а таксама вызначаюць дакладную суму пахішчаных грашовых сродкаў.
Магілёўскі міжраённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу па ч. 2 арт. 207 (разбой, учынены з мэтай завалодання маёмасцю ў буйным памеры) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.