Пуцін абвінаваціў замежны ШІ ў навязванні расіянам «нетрадыцыйных» каштоўнасцяў
- 26.11.2026, 22:44
Гаспадар Крамля непакоіцца з-за змянення свядомасці расіян.
Для Расіі важна, каб мадэлі штучнага інтэлекту адпавядалі культурнаму коду краіны, сказаў дыктатар РФ Уладзімір Пуцін на канферэнцыі AI Journey ад «Сбера». «Калі мадэль навучаная на чужых каштоўнасцях, яна незаўважна падказвае гэтыя самыя каштоўнасці мільёнам карыстальнікаў, мільёнам людзей, фарміруе іх свядомасць і каштоўнасны код», — цытуе ТАСС дыктатара.
У сувязі з гэтым Пуцін намякнуў, што расійскім карыстальнікам трэба ад пачатку карыстацца гаджэтамі з папярэдне ўсталяванымі нейрасеткамі айчыннай вытворчасці. Такую опцыю ён трактаваў як «выбар». «То бок у грамадзяніна будзе не адзінае папярэдне ўсталяванае прыкладанне са штучным інтэлектам, прычым замежнае, а ён зможа выбіраць, якой мадэллю або ШІ-агентам, у тым ліку ад айчынных кампаній, скарыстацца», — патлумачыў прэзідэнт, па сутнасці прапаноўваючы паўтарыць досвед з папярэдняй устаноўкай «МАКС», VK, сэрвісаў «Яндэкса» і іншага праграмнага забеспячэння расійскай вытворчасці.
Сваё меркаванне Пуцін абгрунтаваў падсвядомым (сублімінальным) навучаннем у сферы ШІ. «Адна моўная мадэль можа перадаваць мадэлі з падобнай архітэктурай уласныя асаблівасці і перавагі», — адзначыў кіраўнік РФ. Ён прапанаваў развіваць расійскія «суверэнныя» нейрасеткі і «нарошчваць алічбоўку даставерных даных» для іх навучання, назваўшы гэта пытаннем «не толькі тэхналагічнай самастойнасці краіны, але і суверэнітэту нашага мыслення, нашых каштоўнасцяў».
У Расіі з 26 ліпеня 2026 года дзейнічае закон «Аб падтрымцы развіцця тэхналогій штучнага інтэлекту». Пасля яго прыняцця Пуцін, які раней скептычна ацэньваў ШІ, пачаў рэгулярна выказвацца на карысць нейрасетак з акцэнтам на тым, што Расіі неабходныя ўласныя «суверэнныя» тэхналогіі і «нацыянальныя» мадэлі.
Пры гэтым нават блізкі да Крамля буйны бізнес накшталт «Роснефти» называў тэхнічна невыканальным патрабаванне аб распрацоўцы і навучанні нейрасетак выключна айчыннымі кампаніямі на расійскіх наборах даных. У краіне яшчэ не створана неабходная вылічальная інфраструктура, а адпаведных даных на рускай мове недастаткова, зазначалі ў карпарацыі мінулай вясной. Публічныя абмеркаванні і ўцечкі паказвалі, што нават флагманскія расійскія мадэлі, як Alice AI ад «Яндэкса» і GigaChat ад «Сбера», навучаюцца з выкарыстаннем заходніх і кітайскіх аналагаў. Таксама ўдзельнікі рынку прызнаюць, што расійскім кампаніям крытычна не стае ўласных вылічальных магутнасцяў.