ЗША накрыў магутны шторм
- 27.11.2026, 14:30
Вуліцы затопленыя, амаль мільён чалавек застаўся без электрычнасці.
Усходняе ўзбярэжжа ЗША на Дзень падзякі 26 лістапада накрыў магутны шторм, у выніку чаго амаль мільён людзей засталіся без электрычнасці. З-за моцных дажджоў і ветру ўзніклі значныя збоі ў працы транспарту ў буйных гарадах.
Пра гэта паведамляе The New York Times.
Наймацнейшыя ападкі ахапілі Нью-Ёрк, Нью-Джэрсі, Вірджынію, Мэрыленд, Дэлавэр і Пенсільванію.
Увечары 26 лістапада ў Нью-Ёрку і акругах Насаў, Саффолк і Уэстчэстар, як і ва ўсім штаце Нью-Джэрсі, было абвешчана надзвычайнае становішча.
Метеаролагі паведамлялі пра парывы ветру хуткасцю ад 50 да 70 міль/гадзіну (прыкладна 80–112 км/г).
Па стане на вечар у ЗША было абясточана больш за 908 000 спажыўцоў. Найбольш адключэнняў фіксавалі ў Пенсільваніі, Нью-Джэрсі, Мэрылендзе, Нью-Ёрку і іншых штатах.
Камунальная служба WSSC Water заклікала амаль два мільёны жыхароў прыгарадаў Вашынгтона ў Мэрылендзе абмежаваць выкарыстанне вады толькі неадкладнымі патрэбамі. З-за збояў у сетцы ўзніклі збоі ў працы двух ключавых ачышчальных станцый водазабеспячэння.
Рэкордныя ападкі
У Цэнтральным парку Нью-Ёрка зафіксавалі рэкордную за ўсю гісторыю назіранняў колькасць ападкаў для гэтага дня — 1,82 цалі дажджу, што перавысіла дваццацігадовы максімум 2006 года.
Падзенне дрэў
Паводле дадзеных выратавальнай службы Arlington Fire&EMS, у Арлінгтане на шашы George Washington Memorial Parkway ствал дрэва ўпаў проста на аўтамабіль, што рухаўся. Пажарныя вызвалілі вадзіцеля з салона і даставілі ў бальніцу з траўмамі, якія не пагражаюць жыццю.
У Сілвер-Спрынг у штаце Мэрыленд масіўнае дрэва абрынулася на жылы дом на Ломбард-Роўд, прабіўшы страху і пашкодзіўшы газавую лінію. Выратавальнікі без траўм эвакуявалі двух пажылых людзей, пасля чаго пабудову перадалі на ацэнку будаўнічым інспектарам.
Шматлікія паведамленні пра паваленыя дрэвы і абрывы ліній электраперадачы таксама паступалі з Фэйрфакса, Кенсінгтана, Чэві-Чэйза, Гэйтэрсбурга і Акругі Калумбія.
Транспартны калапс
Непагода выклікала маштабны збой у працы авіяцыі. У ЗША скасавалі больш за 450 рэйсаў, а больш за 2400 самалётаў вылецелі з затрымкамі.
Найбольшыя цяжкасці адчулі аэрапорты Нью-Ёрка, Балтымара, Вашынгтона і Бостана.
Снегапады і падтопленні
У штатах Місуры і Ілінойс лютаваў моцны снегапад, у выніку якога ў Сэнт-Луісе таўшчыня снежнага покрыва перавысіла 7 цаляў, а ў горадзе Венцвіл пад цяжарам снегу часткова абрынуўся дах лядовай арэны.
Мясцовая энергетычная кампанія Ameren папярэдзіла, што аднаўленне падачы электрычнасці для часткі жыхароў зойме некалькі сутак.
Уздоўж сярэднеатлантычнага ўзбярэжжа ўзровень прыліваў перавысіў паказчыкі ўрагану Сэнды 2012 года, выклікаўшы часовае перакрыццё мастоў і тунэляў у Вірджыніі.
Адначасова на Ціхаакіянскім узбярэжжы гіганцкія хвалі падтопілі дамы і разбурылі секцыю пірса ў каліфарнійскім горадзе Пасіфіка.
Акрамя таго, шторм прымусіў перанесці штогадовы парад Macy's, які праводзяць у Дзень падзякі ў Нью-Ёрку — упершыню за 100 гадоў гісторыі мерапрыемства. Парад адбудзецца 28 лістапада.