BE RU EN

Аркадзь Мошэс: Лукашэнку няма чым крыць

  • 27.11.2026, 15:15

Палітолаг назваў дзве балючыя для дыктатара тэмы.

Мінулым тыднем кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў інтэрв’ю французскаму часопісу Le Point і яго журналістцы Ан Ніва. 25 лістапада была апублікаваная поўная версія размовы.

Прапаганда паспрабавала прадставіць гэты амаль паўтарыгадзінны стэндап з картамі як «неаспрэчныя факты, інсайды і смелыя прапановы».

Але ў рэальнасці — ці пачулі чарговыя мэсэджы Лукашэнкі ў Еўропе? Ці з запэўненнямі ў міралюбстве і намёкамі на тое, што без Беларусі перамовы пра заканчэнне вайны немагчымыя, кіраўнік безнадзейна спазніўся?

Дырэктар даследчых праграм па Расеі, Усходняй Еўропе і Еўразіі Фінскага інстытута міжнародных адносін Аркадзь Мошэс у размове з «Філінам» адзначае: рэакцыя Еўропы на выказванні Лукашэнкі гэтым разам амаль нулявая.

— Пошук Google пры запыце па-англійску пра інтэрв’ю Лукашэнкі ў першых 50 выніках выдачы паказвае толькі дзве заходнія крыніцы — Independent і Reuters. Астатнія — пераважна беларускія СМІ, як прадзяржаўныя, так і незалежныя. І крыху ёсць рэакцыі з Украіны і Азербайджана, — дадае палітолаг.

То-бок у рэгіёне, на постсавецкай прасторы, пэўную ўвагу на гэта інтэрв’ю звярнулі. Але што да Захаду, мы бачым два вынікі з прыкладна 50 — гэта рэакцыя, якой можна занядбаць. І гэта сведчыць, што цікавасці няма.

Аб’ектыўна — цяпер трэба займацца пытаннямі еўрапейскай інтэграцыі, бюджэту, тым, што ўсіх хвалюе. На парадку дня эканамічная сітуацыя ў Еўропе і вайна ва Украіне. А цікавасць да Беларусі, тым больш да таго, што кажа Лукашэнка, аб’ектыўна невялікая.

А і суб’ектыўна яна невялікая. Непаслядоўнасць выступаў Лукашэнкі за ўсю яго кар’еру, прынамсі з 2020–2022 гадоў, стала ўжо чымсьці звыклым. Таму на тое, што ён гаворыць, па вялікім рахунку ніхто ўвагі не звяртае.

Па сутнасці, Лукашэнка паўтарыў у сваім інтэрв’ю ўсё тое, што казаў неаднаразова, спрабуючы адмыцца. Што ён тут ні пры чым, пра вайну не ведаў, у распрацоўцы планаў не ўдзельнічаў і гэтак далей.

Але гэта ніякая не навіна, з гэтага і так усе сыходзілі: што ён будзе рабіць усё, пра што Пуцін папросіць, адначасова робячы выгляд, што гэта ўсё не так.

Надзеі Еўропы канчаткова адпраўленыя ў архіў

— Дык цяпер і не да Лукашэнкі, і «шматвектарнасць» рэжыму стала прымаўкай, якая ні на каго не ўражвае?

— Нават слова «шматвектарнасць» не ўжываецца адносна Беларусі. Пра шматвектарнасць кажуць, напрыклад, адносна Казахстана: там краіна спрабуе выстройваць сапраўды разнастайную знешнюю палітыку, тут развіваць супрацоўніцтва, і там развіваць, але пры гэтым якіхсьці базавых рэчаў не здаваць.

Але адносна лукашэнкаўскай Беларусі пасля 2020 года пра гэта нават смешна думаць.

У 2015–2020 гадах еўрапейцы яшчэ на нешта спадзяваліся. Хаця і тады ішла гаворка пра палітычную, эканамічную, культурную, ідэйную залежнасць Мінска ад Масквы, але ўсё ж была надзея, што Лукашэнку ўдасца адстаяць нейкія часткі сваёй аўтаноміі і што ён у гэтым зацікаўлены. Пасля 2022 года, на мой погляд, гэтыя надзеі канчаткова адпраўленыя ў архіў.

— З улікам шматлікіх самапаўтораў, ці ёсць у інтэрв’ю французскаму часопісу нешта, на што ўсё ж варта звярнуць увагу?

— Я б сказаў, на сам факт інтэрв’ю. Лукашэнка паспрабаваў перахапіць ініцыятыву, прынамсі медыйную, заявіць пра сябе. Гэта варта адзначыць. У астатнім — інтэрв’ю вялікае, але прахадное, нічога новага мы практычна не пачулі.

На думку Аркадзя Мошэса, у кіраўніка быў повод выступіць менавіта цяпер. Да афіцыйнага Мінска, верагодна, дайшло: нядаўняя заява Лукашэнкі, што ў Беларусі «няма палітвязняў», прагучала занадта рэзка.

— Гэта было пэўным сведчаннем крыўды: вось ездзіў Коўл, нібыта пра нешта дамаўляліся, а цяпер ездзіць перастаў. Калі не хочаце ездзіць, мы тады скажам, што ў нас увогуле няма палітвязняў!

На мой погляд, у святле тэндэнцый, у тым ліку сярод апазіцыі, частка якой настойліва пачала дамагацца пашырэння перамоўнай павесткі з Лукашэнкам дзеля вызвалення палітвязняў, — усё гэта павісла. І вось гэта якраз заўважылі.

Напэўна, Лукашэнка або яго людзі прааналізавалі, што адбылося, і паспрабавалі крыху збіць гэтую хвалю, зноў узняць на шчыт тэмы знешнепалітычнага супрацоўніцтва і бяспекі ў Еўропе.

А тут яшчэ расейскія ракеты прыляцелі ў Польшчу. Хаця інтэрв’ю, вядома, рыхтавалася загадзя і кантэкставым фактарам не павінна было стаць — але стала.

Па гэтых двух тэмах, дзе можна чакаць у нечым нават балючую рэакцыю з Захаду: палітвязні і прадастаўленне Беларуссю сваёй паветранай прасторы для расейскіх атак — яму крыць няма чым. І Лукашэнка спрабуе перахапіць ініцыятыву ў медыйнай прасторы. Але нічога не атрымліваецца.

У Маскве Лукашэнку могуць прыгадаць яго словы

— Калі рэакцыі з Захаду няма, што наконт Усходу? У інтэрв’ю прагучаў цікавы пасаж пра прыналежнасць расейскіх земляў «манголам і татарам» — няўжо Лукашэнка не баіцца атрымаць па шапцы ад Крамля, ці якраз такім чынам паказвае сваю, хоць нейкую, суверэннасць?

— Для Крамля мае значэнне тое, што хоць як-небудзь звязана з рэальнасцю. А заява пра татарска-мангольскае іга і «мангольскія землі» да рэчаіснасці дачынення не мае. Яна павісла ў паветры, ніякіх практычных палітычных вынікаў і наступстваў яна мець не можа.

Хоць у сшытак, такі кандуіт, куды заносяцца ўсе аспекты паводзінаў Лукашэнкі, у Маскве гэта запісалі. І, магчыма, у нейкі момант яму пра гэта нагадаюць, і гэта будзе каштаваць недаатрыманых рублёў.

Але ў цэлым было відавочна, што пытанні былі зададзеныя загадзя, і Лукашэнка ведаў або падрыхтаваўся, як на іх адказваць. Калі ў размове некалькі гадоў таму з журналістам BBC Стывенам Розэнбергам была палеміка, нязручныя пытанні, і тое інтэрв’ю прагучала і запомнілася — то цяпер, калі Лукашэнка чытае па напісаным, тыкае пальцам або указкай у загадзя падрыхтаваную карту, гэта нават з пункту гледжання карцінкі выглядае трошкі смешна і старомадна.

Апошнія навіны