Пуціну недвухсэнсоўна намякнулі
- Ігар Рэйтэровіч
- 27.11.2026, 15:25
«Арэшнік» нікуды не паляціць.
Спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Джарэд Кушнер у падкасте MD Meets заявіў, што расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін праявіў стрыманасць у пытанні выкарыстання ядзернай зброі і запэўніў амерыканцаў, што не мае намеру яе прымяняць. Кушнер згадаў пра гэта як пра адно з праяў адэкватнасці Пуціна. Аднак на гэтыя словы варта глядзець праз прызму нядаўняй сустрэчы ў Шэньчжэне (Кітай) і заявы аб міры, пад якой падпісаліся прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і лідар КНР Сі Цзіньпін. У прыватнасці, у гэтай дэкларацыі ёсць пункт, які датычыцца ядзернай зброі. І ён сфармуляваны з улікам немагчымасці яе выкарыстання за любых абставінаў.
Таму, на мой погляд, Кушнер спецыяльна ўключыў пасаж пра ядзерную зброю ў сваё інтэрв'ю. Бо, з аднаго боку, такім чынам ён быццам бы пахваліў Пуціна. А з другога — чарговы раз нагадаў яму пра тое, пра што з ім у Кітаі гаварылі Трамп і Сі. Тэма ядзернага ўзбраення важная для абодвух.
Таму, відавочна, Кушнер і перадаў Пуціну пэўны «прывет». Маўляў, не варта нават думаць пра «ядзерку», бо гэта непрымальна для іншых краін, найперш для Злучаных Штатаў, якія спрабуюць садзейнічаць завяршэнню расійска-ўкраінскай вайны…
Дарэчы, цікавы момант: калі вывучыць цытаванне Кушнера расійскімі прапагандыстамі (а гэты адкрыта ліслівы для Пуціна падкаст яны літаральна разцягнулі па сказах), то гэтая заява пра невыкарыстанне ядзернай зброі з боку РФ у расійскай інфармацыйнай прасторы адсутнічае.
Абсалютная ціша. Чаму? Бо, на думку расіян, намёк ЗША зразумелы і ставіць Пуціна ў слабую пазіцыю.
Бо ён, нават калі вельмі хоча, цяпер не можа зноў памахаць гэтай ядзернай дубінай…
Справа ў тым, што як толькі РФ пачынае прайграваць на ўсіх фронтах, Крэмль бярэцца пагражаць «Арэшнікам». І цяпер — напярэдадні магчымога новага раўнду перамоваў у снежні — якраз той момант, калі «Арэшнік» зноў мусіў бы з'явіцца ў навінах. Пуцін, вядома, вельмі хацеў бы цяпер разыграць гэтую гісторыю. Але тут трэба разумець: запусціць яго Расія цалкам можа, аднак — ні пра ядзерны зарад гаворкі не ідзе.
То-бок у Пуціна цяпер няма нават магчымасці пагражаць ядзернай зброяй. Бо яму недвухсэнсоўна намякнулі: рабі што хочаш, але ядзернае пытанне не падымай.
У гэтым сэнсе, калі з Расіі ўсё ж пачнецца чарговая ядзерная істэрыка, то Пуцін выставіць Сі і Трампа, якія падпісаліся пад «дэкларацыяй міру», у ідыётскім святле.
Ну, уявіце сабе: Сі шмат разважаў пра немагчымасць размахваць ядзернай дубінай, Трамп шмат гаварыў пра ядзерную зброю, бо баіцца яе магчымога прымянення… А тут выходзіць Пуцін і плюе ім абодвум у твар. Шчыра кажучы, наўрад ці ён цяпер на гэта пойдзе.
Ігар Рэйтэровіч, УНІАН