BE RU EN

У беларускай краме знайшлі каву з дзіўным цэннікам

  • 27.11.2026, 16:27

Кілаграм растваральнага напою абыдзецца амаль у 500 рублёў.

У адной з крам сеткі «Еўраопт» знайшлі растваральную каву, 100-грамовая банка якой каштуе 46,99 рубля. У пераліку на кілаграм атрымліваецца амаль 470 рублёў — прыкладна ў тры разы даражэй за іншыя нятанныя маркі растваральнай кавы, піша Blizko.by.

Гаворка пра каву Bushido Red Katana («бусідо» — кодэкс гонару самураяў, катана — самурайскі меч). Нягледзячы на назву і афармленне ўпакоўкі ў японскім стылі, гандлёвая марка і вытворца — швейцарскія.

Дарэчы, на паліцы таксама знайшлі яшчэ два віды кавы гэтага брэнда. Банка Bushido Kodo (кодо — гэта японскае мастацтва складання водараў) вагой 95 грамаў каштуе 39,99 рубля (420,95 рубля за кілаграм), а 100-грамовая банка Bushido Original — столькі ж (399,90 рубля за кілаграм).

Растваральная кава іншых марак, прадстаўленых у краме, абыходзіцца пакупнікам значна танней — напрыклад, за 95-грамовую банку Jacobs Monarch Signature просяць 15,19 рубля, што ў пераліку на кілаграм складае 159,89 рубля.

Nescafe Gold Barista прадаецца ў банках па 85 і 170 грамаў. У залежнасці ад аб’ёму ўпакоўкі кілаграм такой кавы абыходзіцца ў суму ад 158,76 да 164,59 рубля.

Найтаннейшым у пераліку на вагу сярод разгледжаных варыянтаў аказаўся Nescafe Classic. За паўкілаграма гэтай кавы просяць 44,99 рубля — на два рублі менш, чым за 100-грамовую банку Bushido Red Katana.

Апошнія навіны