Новая хваля паліўнага крызісу накрыла Расію
- 27.11.2026, 22:42
«Зноў стаім у чэргах на запраўку».
Аб'ёмы нафтаперапрацоўкі ў Расіі упалі да самага нізкага ўзроўню за апошнія два дзесяцігоддзі. У расійскіх рэгіёнах абмяжоўваюць продаж бензіна і дызельнага паліва, а ўлады вымушаныя кампенсаваць дэфіцыт за кошт імпарту нафтапрадуктаў.
Сітуацыю на паліўным рынку краіны-агрэсара прааналізаваў FREEДOM.
За апошні тыдзень ліміты на продаж бензіна і забароны на адпуск паліва ў каністры закранулі Тамбоўскую, Ніжагародскую, Пензенскую, Томскую і Навасібірскую вобласці, а таксама Бурацію, Забайкальскі і Краснаярскі край.
На незалежных АЗС Пецярбурга і Ленінградскай вобласці агрэгатары паліва фіксуюць дэфіцыт АІ-95, ліміты на адпуск (звычайна да 20-30 літраў) і пераход на прымусовую перадоплату на касе. Абмежаванні на продаж гаручага таксама дзейнічаюць на асобных запраўках Масквы, Маскоўскай вобласці, Карэліі і Архангельскай вобласці.
Сваёй рэакцыяй расіяне дзеляцца ў сацсетках:
«Ну што, сябры. Не прайшло і паўгода, як мы зноў стаім у чарзе на запраўку»;
«Зноў у нас, на Стаўропаллі, пачаліся праблемы з бензінам. Уся гэтая сітуацыя, шчыра кажучы, ужо вельмі надакучыла. Што ў нас там у наяўнасці? Дызельнае паліва і газ. У прынцыпе, на ўсіх запраўках — і «Роснефть», і «Газпром», і «Лукойл». Усе сеткавыя запраўкі апошнім часам пачалі адпускаць толькі зранку. Уднём запраўіцца на Стаўропаллі практычна нерэальна».
«Ну, колькі ж можна ўжо? Што зноў здарылася? Раскажыце, патлумачце. Зноў нейкія шалёныя чэргі на запраўку».
Сілы абароны Украіны працягваюць наносіць удары па расійскай нафтаперапрацоўчай прамысловасці:
- у ноч на 25 лістапада мэтамі адразу сталі два нафтаперапрацоўчыя заводы (НПЗ) у Самарскай вобласці — Куйбышаўскі і Сызранскі;
- у ноч на 26 лістапада пад атакай была лінейная вытворча-дыспетчарская станцыя ў Башкартастане.
«[Станцыя ў Башкартастане] — гэта вузел кампаніі «Транснефть», праз які перакачваюць нафту з Заходняй Сібіры і Башкартастана. Пацверджана паражэнне рэзервуара, на тэрыторыі станцыі ўспыхнуў пажар. Кожнае такое траплянне азначае менш нафты для перапрацоўкі і менш нафтарублёў, на якія Расія вядзе вайну», — адзначылі ў Генеральным штабе Узброеных Сіл Украіны.
Па стане на 23 лістапада аб'ёмы перапрацоўкі нафты ў Расіі скараціліся практычна ўдвая ў параўнанні з паказчыкамі месячнай даўніны, паведамляе Bloomberg са спасылкай на дадзеныя аналітычнай кампаніі Rystad Energy. Такога нізкага ўзроўню нафтаперапрацоўкі ў Расіі не фіксавалі больш за 20 гадоў.Нават у расійскім урадзе вымушаныя прызнаць праблему.
«Сітуацыя на рынку паліва цяпер даволі напружаная, улічваючы, што шэраг нафтаперапрацоўчых заводаў знаходзіцца на рамонце», — пацвердзіў расійскім СМІ намеснік старшыні ўрада Расіі Аляксандр Новак.
Каб кампенсаваць дэфіцыт, расійскі ўрад даручыў нафтавым кампаніям павялічыць вытворчасць бензіна, які не адпавядае дзеючым экалагічным стандартам, і працягваць імпарт нафтапрадуктаў. У Расіі дазволілі, як мінімум, да ліпеня 2027 года вырабляць і выкарыстоўваць паліва паніжаных экалагічных класаў.