BE RU EN

Лукашэнка змяняе паказанні

  • Віталь Цыганкоў
  • 28.11.2026, 21:24

Дыктатар зусім завраўся.

Яшчэ нядаўна Аляксандр Лукашэнка дэманстратыўна сам сябе называў саагрэсарам, а цяпер кажа, што не мае ніякага дачынення да вайны. Раней кляўся, што з тэрыторыі Беларусі войскі ніколі не пойдуць ва Украіну. Потым, калі расійскія танкі з беларускай зямлі ішлі на Кіеў, казаў пра напад – «Добра, што пачалі». А цяпер кажа, што пра ўварванне нічога не ведаў і Беларусь – не база для Расіі. Чаму Лукашэнка змяніў паказанні і чаго дамагаецца гэтымі кульбітамі? Зусім ужо завраўся. Дарэчы, беларусам усё гэта звыкла і знаёма.

У нядаўнім інтэрв'ю французскаму часопісу Le Point журналістка спытала, чаму Аляксандр Лукашэнка дазволіў выкарыстоўваць Беларусь як базу для ваенных аперацый Расіі. «Абсалютна некарэктная фармулёўка», – адрэагаваў Лукашэнка і працягваў: «Ніякай базай для Расіі і для атакі на Украіну мы не былі».

«Да мяне прэтэнзій няма. Я абсалютна не маю ніякага дачынення да пачатку вайны. Вы мяне зразумейце, мы да гэтай вайны не маем дачынення. Я не ведаў пра пачатак вайны, і Генштаб Расіі са мной гэтым не дзяліўся. І правільна, гэта была іх аперацыя, чаму яны павінны [папярэджваць] іншую дзяржаву?» – сказаў ён.

І гэта кажа чалавек, які прыкладна на кожнай першай сустрэчы з расійскімі губернатарамі заяўляе, што беларусы з расіянамі – адзін народ. Калі трэба прасіць нейкія эканамічныя саступкі, то «адзін народ» і «Саюзная дзяржава». А калі не хочацца несці адказнасць за развязаную вайну, дык мы тут нічога не ведалі, бо мы іншая незалежная дзяржава.

«Добра, што пачалі»

Але мы памятаем той знакаміты маналог на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным 1 сакавіка 2022 года, праз некалькі дзён пасля пачатку расійскага наступу на Кіеў з тэрыторыі Беларусі:

«А я цяпер вам пакажу, адкуль на Беларусь рыхтавалася нападзенне. І калі б за шэсць гадзін да аперацыі не быў нанесены прэвентыўны ўдар па пазіцыях (чатыры пазіцыі, я цяпер пакажу карту, прывёз) – яны атакавалі б нашы войскі, Беларусі і Расіі, што былі на вучэннях. Таму не мы пачалі гэтую вайну, у нас сумленне чыстае. Добра, што пачалі».

Лукашэнка настолькі беспамоцна выкручваўся, каб апраўдаць агрэсію і агрэсара, настолькі анекдатычна выглядаў, што гэта выказванне імгненна стала мемам.

Бачыце, у сакавіку 2022-га Лукашэнка заяўляў: добра, што пачалі вайну, а цяпер, у лістападзе 2026-га, кажа нам: абсалютна не маю ніякага дачынення да пачатку вайны.

Нібыта хтосьці можа паверыць, што ён сапраўды нічога не ведаў пра напад Расіі з тэрыторыі Беларусі. Дарэчы, калі ўявіць на секунду, што ты нічога не ведаў – дык чаму ты называеш сябе кіраўніком дзяржавы, калі не кантралюеш уласную тэрыторыю? Ты ж сто разоў кажаш, як Пуцін пастаянна з табой раіцца, што ніводнага істотнага кроку Масква без кансультацыі з Мінскам не робіць. Ты ж нават заяўляеш, што ядзерная зброя з тэрыторыі Беларусі (калі яна там ёсць!) можа быць запушчаная толькі з тваёй асабістай згоды! Ага! А насамрэч з тэрыторыі тваёй краіны пачалі вайну, танкі пайшлі на Кіеў – а ты нічога не ведаў.

Як саагрэсар стаў міратворцам

Цяпер ён кажа, што нічога не ведаў. А 20 снежня 2022-га, калі Расія яшчэ наступала і Лукашэнка быў упэўнены ў яе перамозе, тады ён жартам і з асалодай называў сябе і Пуціна саагрэсарамі:

«Мы ўдваіх – саагрэсары, самыя шкодныя і таксічныя людзі на гэтай планеце. У нас толькі адна спрэчка – хто больш? Уладзімір Уладзіміравіч кажа, што я. Я пачынаю ўжо думаць, што ён. Ну, прынялі рашэнне, што разам, аднолькава».

Пакуль Лукашэнка верыў у хуткі разгром Украіны, ён вітаў агрэсію і не саромеўся называць сябе з Пуціным саагрэсарамі. Але калі расійскі бліцкрыг праваліўся, Лукашэнка стаў галоўным міратворцам, каб, з аднаго боку, атрымаць прызнанне, з другога – пазбегнуць адказнасці.

Відавочна, што Лукашэнка сур'ёзна разважае пра пасляваенную рэальнасць. Ён ужо разумее, што ніякай адназначнай перамогі Расіі не будзе. Таму апошнія месяцы яго рыторыка стала хутчэй міралюбнай, а сваю ролю ў агрэсіі супраць Украіны ён усяляк спрабуе паменшыць або нават цалкам адмаўляць.

Дык можна сказаць, што Лукашэнка не абавязкова стаў больш міралюбным. Ён, хутчэй, спрабуе вырашыць адразу некалькі складаных задач: прадэманстраваць Маскве гатоўнасць да вайны, суседзям – адсутнасць намеру нападаць, а беларускаму грамадству – што ўлады кантралююць сітуацыю, а неба застаецца «мірным». Гэта, аднак, не дае ніякай гарантыі, што Беларусь не будзе ўцягнутая ў далейшую эскалацыю, калі яна адбудзецца.

Блакітная мара пра перамовы ў Мінску

Блакітная мара Лукашэнкі – каб мірныя перамовы паміж Расіяй і Украінай праходзілі ў Беларусі і каб ён у іх удзельнічаў. Лукашэнка «хоча паўторыць» сваю зорную гадзіну, свой поспех 2015 года, калі 11 лютага ў Мінск прыехалі тагачасныя прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд, федэральны канцлер Германіі Ангела Меркель, прэзідэнты Украіны і Расіі Пятро Парашэнка і Уладзімір Пуцін. Менавіта ў сталіцы Беларусі паміж Расіяй і Украінай пры пасярэдніцтве еўрапейскіх лідараў падпісалі шэраг пагадненняў, якія потым назвалі Мінскім працэсам.

Таму цяперашні стратэгічны план Мінска – зноў, як і ў 2015-м, завабіць у Беларусь сусветных лідараў на перамовы. Калі не атрымаецца, то хаця б дамагчыся таго, каб афіцыйны Мінск хоць у нейкай якасці ўдзельнічаў у пасляваенных дамоўленасцях.

Для гэтага Лукашэнка дзейнічае ў некалькіх напрамках. Па-першае, прэзентаваць сябе як мірную дзяржаву, якая нібыта не мае ніякага дачынення да вайны. Па-другое, усімі сіламі прапагандаваць свае міратворчыя паслугі, каб развіваць ідэю, што менавіта ў Мінску павінны прайсці мірныя перамовы.

«Не трэба вам з Беларусі рабіць агрэсара»

І асабліва моцна Лукашэнка спрачаецца з тым, што Беларусь з'яўляецца саагрэсарам у гэтай вайне. З тым, нагадаем, што ён сам калісьці сцвярджаў. Вось як ён гэта тлумачыў французскай журналістцы:

«Мы ўсё робім дзеля таго, каб тут быў мір. І не трэба нас прымацоўваць да таго, што мы агрэсары. Вы разумееце нашу палітыку, але прычэпілі нас да гэтай вайны і лічыце нас агрэсарамі. Вы памыляецеся... Вы не памыляецеся, вы ведаеце праўду, але кажаце няпраўду. Не трэба вам з Беларусі рабіць агрэсара».

Пры гэтым ён заявіў журналістцы, што калі б Пуцін захацеў уцягнуць Беларусь у вайну, то ён сказаў бы пра гэта Лукашэнку. «Ніколі такіх размоваў не было ні з ім, ні з службовымі асобамі Расіі», – заяўляе Лукашэнка, дадаючы, што далучэнне Мінска да расійскай агрэсіі павялічыць фронт яшчэ прыкладна на тысячу кіламетраў і ў Беларусі з Расіяй «людзей не хопіць, каб атакаваць, наступаць».

І зноў тое самае. Тады, маўляў, нічога не ведаў пра вайну і быў зусім ні пры чым – бо гэта Расія пачала. А цяпер заяўляе, што на гэты раз Расіі трэба абавязкова з ім параіцца і паведаміць яму пра свае планы. То быў такі агрэсіўны і гаварыў пра Кіеў за тры дні, то стаў такі міралюбны, нібыта Беларусь нічога не робіць для Расіі. Зусім ужо завраўся. Дарэчы, беларусам усё гэта звыкла і знаёма.

Віталь Цыганкоў, «Белсат»

Апошнія навіны