BE RU EN

Тры карціны Шагала пайшлі з-пад малатка

  • 28.11.2026, 18:04

Адна з іх — на $2 мільёны танней.

Аўкцыённыя дамы Sotheby’s і Christie’s правялі серыю таргоў творамі сучасных мастакоў. Паводле традыцыі не абышлося без палотнаў ураджэнца Віцебска Марка Шагала. За адно з іх разлічвалі атрымаць да 6 мільёнаў долараў, але ў выніку цана аказалася на 30% ніжэй за гэтую планку, піша officelife.by.

«Веласіпедысты» за 4,2 мільёна долараў

Гаворка ідзе пра карціну «Веласіпедысты», створаную Шагалам у 1956–1957 гадах. У працы адлюстраваўся душэўны ўздым мастака пасля вяртання з ЗША ў Францыю ў 1948 годзе. У ЗША ён з’ехаў у 1941-м, ратуючыся ад вайны ў Еўропе, а ў 1944-м перажыў смерць сваёй каханай Бэлы.

Фото: Sotheby's

Карціну, у нечым падобную да арэны парыжскага «Зімовага цырка», выставіў на таргі неназваны калекцыянер. У 2009 годзе яна абышлася яму амаль у 2 мільёны долараў. Эксперты Sotheby’s ацэньвалі палатно ў 4–6 мільёнаў.

З-пад малатка «Веласіпедысты» пайшлі за 4,2 мільёна долараў — больш чым у два разы даражэй, чым у 2009 годзе.

«Закаханыя» з пеўнікам і казой

Яшчэ адну працу Шагала — «Закаханыя» 1951 года — ацэньвалі ў 3–5 мільёнаў долараў. На таргах Christie’s за яе далі крыху больш за 3,4 мільёна.

Фото: Christie's

Палатно выканана ў цёмных танах. На ім можна пабачыць характэрныя для мастака вобразы: пеўніка і казу, селяніна, будынкі, якія ў нечым нагадваюць Віцебск, і іншае.

Лічыцца, што ў вобразе аголенай жанчыны Шагал, хутчэй за ўсё, паказаў Вірджынію Хаггард.

Яна стала каханай мастака пасля смерці Бэлы. Да 1951 года іх адносіны зрабіліся напружанымі і набліжаліся да фіналу. Магчыма, менавіта гэта Шагал і вырашыў адлюстраваць на карціне.

«Танцорка ў кветкавай сукенцы» перавысіла верхнюю ацэнку

Трэцяе палатно, «Танцорка ў кветкавай сукенцы», было прададзена за 2,048 мільёна долараў. Гэта на 248 тысяч даражэй за верхнюю мяжу ацэнкі, якая складала 1,8 мільёна.

Праца знаходзілася ў калекцыі амерыканскага мільярдэра Уільяма Коха, які набыў яе ў 2000 годзе. У карціне 1971 года таксама прысутнічаюць вобразы, знаёмыя па творчасці Шагала.

Апошнія навіны