У райцэнтры на Гродзеншчыне прадаюць вілу з 1990-х
- 28.11.2026, 20:17
У Сеціве спрачаюцца з-за цаны.
У Зэльве, невялікім райцэнтры Гродзенскай вобласці, выставілі на продаж катэдж, цалкам абсталяваны для камфортнага жыцця. Кошт аб'екта выклікаў спрэчкі ў TikTok, заўважыў сайт tochka.by.
Сауна, басейн і шэсць пакояў
Дом 1996 года пабудовы плошчай 263,2 «квадрата» размешчаны недалёка ад мясцовай ракі і чыгункі.
На цокальным паверсе размясціліся гараж з двума варотамі-ролетамі, катэльня, фінская сауна з электрычнай печчу, душавая, ванная з пральным аддзяленнем, санвузел і басейн.
На першым узроўні знаходзяцца хол з тэрасамі на абодва бакі, прасторная кухня з абедзеннай зонай і шэсць цалкам мэбляваных жылых пакояў.
За катэдж просяць 511 037 беларускіх рублёў, што эквівалентна 170 000 долараў.
Што збянтэжыла каментатараў
Карыстальнікаў TikTok зачапілі то кошт, то размяшчэнне дома, а магчыма, усё разам ды яшчэ і інтэр'ер на дадатак. Аднак меркаванні разышліся.
Некаторыя цікавіліся, колькі саляркі давялося перавезці ў Польшчу ў 1990-я, каб пабудаваць такую вілу.
Іншыя пыталіся, ці ёсць у райцэнтры праца. Кагосьці непакоіла велічыня камунальных плацяжоў за такі катэдж.
Адразу некалькі чалавек заўважылі, што за гэтыя грошы можна купіць трэць дамоў у Зэльве або катэдж разам з Зэльвенскім вадасховішчам, адным з найбуйнейшых у Гродзенскай вобласці.
Ці справядлівая цана
Для параўнання: дом значна сціплейшы ў гэтым пасёлку можна набыць за 45 092 беларускіх рублёў (15 000 долараў).
Пры гэтым аб'явы аб продажы катэджаў, падобных па плошчы і годзе пабудовы, паказваюць, што 170 000 долараў — рэальная для Беларусі цана нават удалечыні ад сталіцы. Такія варыянты знайшліся ў Слуцку, пад Маладзечнам і ў Гомелі.
У Мінску, дарэчы, як і ў Гродне і Брэсце, цэны вышэй на 300 000 беларускіх рублёў.