Сікорскі распавёў пра поспехі ЗСУ, якія раздражняюць расіян
- 28.11.2026, 20:54
Украінцаў не спыніць.
Нават сур'ёзныя разбурэнні Кіева не спыняць украінскую армію, і Сілы абароны будуць змагацца да канца. Такую ўпэўненасць у інтэрв'ю выданню Wirtualna Polska выказаў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі.
Кіраўнік польскай дыпламатыі перакананы, што Расіі не ўдасца зламаць супраціў украінцаў нават цаной спусташэння іх сталіцы.
«Расіяне не спыняць украінскую армію, нават калі ператвораць Кіеў у горад-прывід», – заявіў Сікорскі.
Разам з тым міністр не адмаўляе, што становішча Кіева цяжкае. Спасылаючыся на знаёмага брытанскага чыноўніка, які пабываў у горадзе, ён адзначыў, што сітуацыя там пагаршаецца з кожным месяцам.
Поспехі, якія раздражняюць Расію
Сікорскі звярнуў увагу і на дасягненні Украіны ў гэты няпросты перыяд. Паводле яго слоў, поспехі суседняй краіны набіраюць абароты і выклікаюць раздражненне ў расійскага боку.
«Проста паглядзіце, што кажуць расійскія прапагандысты: «Як украінцы смеюць атакаваць у Афрыцы?» Нядрэнна для нацыі, існаванне якой яны адмаўлялі», – рэзюмаваў палітык.