BE RU EN

Памёр беларускі дабравольнік і герой «Маршу абураных беларусаў»

  • 28.11.2026, 23:01

Святаславу Барановічу было 40 гадоў.

У Кіеве сёння развіталіся з беларускім дабравольнікам і былым палітвязнем Святаславам «Ісусам» Барановічам. Пра гэта паведамілі у тэлеграм-канале супольнасці «Каліноўцы».

Двойчы палітвязень

Святаслаў Барановіч нарадзіўся 16 красавіка 1986 года ў вёсцы Кавалі Нарацкага сельсавета Вілейскага раёна (ўсяго ў раёне дзве вёскі з такой назвай). На радзіме ён двойчы быў палітвязнем.

Упершыню яго пачалі пераследаваць за ўдзел у пратэстах супраць фальсіфікацыі выбараў 19 снежня 2010 года: тады Барановіча прысудзілі да трох гадоў «хатняй хіміі».

У сакавіку 2017-га, пасля «Маршу абураных беларусаў», ён адкрыта заступіўся за анархістаў і паспрабаваў адабраць іх у сілавікоў у цывільным.

За гэта Святаслаў атрымаў тры гады калоніі і выйшаў на свабоду толькі ў кастрычніку 2020 года.

Вайна за Украіну

З пачаткам поўнамаштабнай вайны супраць Украіны Барановіч адправіўся ваяваць. З 2022 па 2025 год ён служыў у Полку імя Кастуся Каліноўскага, а пасля працягнуў баявы шлях у брыгадзе «Хартыя», адкуль звольніўся летась.

4 лістапада 2026 года жыццё Святаслава, як гаворыцца ў паведамленні, «прадчасна абарвалася».

Яму было 40 гадоў. Аб абставінах смерці дабравольніка не паведамляецца.

Апошнія навіны