«Лукашэнка ведае, што адбываецца з Пуціным»
- 28.11.2026, 23:15
Чаму дыктатар замітусіўся?
Лукашэнка разумее, што сітуацыя змяняецца, і яму пара задумацца пра ўласную бяспеку. Такую думку ў інтэрв’ю «Тэлеграфу» выказаў вядомы палітык і дыпламат, былы пасол Украіны ў Беларусі Раман Бязсмертны.
Паводле слоў дыпламата, змены датычацца самога Лукашэнкі, Пуціна, Украіны, ЗША, а таксама супрацоўніцтва Вашынгтона з Мінскам.
«Гэта сітуацыя падштурхоўвае Лукашэнку да роздумаў аб тым, што надыходзіць момант, калі трэба думаць пра гарантыі», — лічыць Бязсмертны.
Што вядома Мінску пра Пуціна
Бязсмертны мяркуе, што Лукашэнка бачыць рэальны стан спраў. Дыпламат указаў на цесную інтэграцыю сістэмы з ФСБ і Следчым камітэтам.
«У Мінска ёсць дакладная інфармацыя, што адбываецца з Пуціным, вакол Пуціна», — адзначыў ён.
«Свой хлопец» думае пра сябе
Інтэрв’ю Лукашэнкі французскаму выданню Le Point, дзе дыктатар спрабаваў апраўдацца за саўдзел у агрэсіі супраць Украіны, паводле ацэнкі Бязсмертнага, складаецца з некалькіх уласцівых яму кампанентаў. Адзін з іх — спроба выглядаць «сваім хлопцам у нашай вёсцы».
«Ён разумее цяперашнюю сітуацыю, і таму трэба думаць пра сябе ў першую чаргу, а ўжо потым — пра супрацоўніцтва з кім бы там ні было», — рэзюмаваў дыпламат.