У Мінску аднавілі ўнікальны нямецкі тэлескоп пачатку XX стагоддзя
- 29.11.2026, 10:48
Такіх у свеце засталіся адзінкі.
У мінскім парку Горкага завяршаецца рэканструкцыя планетарыя і абсерваторыі. Тут абнавілі інтэр’еры, аднавілі тэлескоп пачатку XX стагоддзя і ўсталявалі новы паваротны купал. Адкрыць комплекс для наведвальнікаў плануюць у 2027 годзе, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны».
Пры рэканструкцыі імкнуліся захаваць гістарычны воблік будынкаў. На фасад планетарыя вярнулі надпіс, аднавіўшы шрыфт першапачатковай шыльды. Дах купала і адну са сцен упрыгожылі 3700 дэкаратыўнымі лускінкамі.
Унутры поўнасцю замянілі інжынерныя сеткі, пашырылі санвузлы і абсталявалі безбар’ернае асяроддзе. У памяшканнях усталявалі свяцільнікі ў касмічным стылі, а выхады вентыляцыйных каналаў цяпер нагадваюць соплы касмічнага карабля.
Зорная зала разлічана на 79 гледачоў. Для яе набываюць сучаснае праекцыйнае абсталяванне і сферычны экран, а замест старых сядзенняў усталююць крэслы з мяккімі спінкамі.
Упершыню ў планетарыі абсталявалі вучэбны клас на 12 месцаў. Таксама тут з’явіцца ўласная студыя гуказапісу і відэамантажу, дзе будуць ствараць адукацыйныя фільмы для паказу на купале.
Загадчык лабараторыі «Планетарый» Аляксандр Мікуліч разам з мінскімі аматарамі астраноміі аднавіў тэлескоп нямецкай фірмы Carl Zeiss, выпушчаны ў пачатку XX стагоддзя. Ён дазваляе ўбачыць Сонца і сонечныя плямы, Месяц, планеты і іх спадарожнікі, падвойныя і кратныя зоркі, зорныя скупчэнні і туманнасці.
«Гэта сапраўдны дзеючы музейны экспанат з фокуснай адлегласцю 1950 мм і дыяметрам аб’ектыва 130 мм. Такіх прыладаў у добрым стане ў свеце засталіся адзінкі», — расказаў Мікуліч.
У тэлескопа перабралі механізмы, адрамантавалі рухавік і пафарбавалі корпус. Арыгінальная нямецкая аптыка захавалася ў выдатным стане. Акрамя таго, будаўнікі ліквідавалі праблему з вібрацыямі, якія раней перашкаджалі назіранням.
Поўнасцю замянілі і купал абсерваторыі. Калі стары даводзілася паварочваць уручную, дык новы абсталяваны электрапрывадам, паварочваецца на 360 градусаў і дазваляе адкрываць створкі нават узімку.
Пасля адкрыцця комплексу плануюць пашырыць адукацыйную праграму для дзяцей, а для дарослых — аднавіць праект «Музыка і зоркі», навукова-папулярны лектарый з удзелам вучоных і сустрэчы, прысвечаныя кінафантастыцы.