BE RU EN

Тры паваротныя рашэнні Андрэя Капскага

  • 29.11.2026, 11:12

Чаму БАТЭ вылецеў у Д2?

15-разовы чэмпіён Беларусі БАТЭ вылецеў з вышэйшай лігі. Гэта стала фактам 28 лістапада, калі каманда не змагла перамагчы «Іслач» (1:1). Праз 30 гадоў давядзецца вярнуцца ў Д2 – ну або знікнуць, піша «Трыбуна».

Сваё апошняе золата БАТЭ узяў у год смерці Анатоля Капскага. Лагічна, што галоўным вінаватым краху клуба называюць Андрэя Капскага – сына, якому ў апошні момант бацька перадаў праект. Хаця несправядліва было б забываць увогуле пра атмасферу 2020-х – гады масавай зачысткі любога інакамыслення. Яшчэ не факт, што іх прайшоў бы без страт Капскі-старэйшы – чалавек сістэмны, але свавольны.

На 35-годдзе Андрэй Капскі атрымаў ад БАТЭ ўжо трэці Кубак Беларусі. А чаго да гэтага ўзросту дасягнуў бацька?

Параўноўваем па выніках і справах.

А можа, і без заснавальніка БАТЭ ўтрымаўся б на плаву, калі б пераемнік прымаў іншыя рашэнні. На шляху Капскага-малодшага былі відавочныя моманты, у якіх ён мог учыніць інакш.

Даверыцца Захаранку

Андрэй Капскі шчыра прызнаваў: пакуль ён быў зусім маладым, бацька не прысвячаў яго ў футбольныя справы, пачаў гэта рабіць толькі ў апошнія гады свайго жыцця, і тое не надта глыбока. Але ўлетку 2018-га вырашыў, што з 2019-га аддасць клуб сыну, які працаваў начальнікам аддзела на заводзе аўтатрактарнага электраабсталявання.

Пры гэтым 15 гадоў побач з Капскім-старэйшым у БАТЭ быў яго намеснік Аляксандр Захаранка. Ён трымаўся ў цені, але праз яго праходзілі ўсе трансферы клуба. Бос мог сярод ночы патэлефанаваць па параду, а ў 2014-м намераўся перадаць сваю пасаду Захаранку – але той стаў намеснікам гендырэктара завода МАЗ і не ўзяў футбольнае кіраванне. У 2018-м Капскі буйна пасварыўся з таварышам, які пасля гэтага фактычна адышоў ад спраў клуба, але перад смерцю паклікаў да сябе – разам з гендырэктарам Міхаілам Дземенцэвічам і ценявым партнёрам Сяргеем «Памідорам» Шаркоўскім. Андрэй Капскі таксама прысутнічаў на сустрэчы. Менавіта гэтым чацвярым заснавальнік БАТЭ паведаміў, як бачыць будучыню і каго выбраў замест сябе.

На пахаванні Захаранка гарантаваў выканаць завяшчанне. Не даводзілася сумнявацца, што Капскаму-малодшаму забяспечана якасная дапамога – вялізны досвед у справах БАТЭ і камунікацыі з футбалістамі (ён пастаянна з’яўляўся ў раздзявальні, а сына туды Капскі не вадзіў, і потым з гэтым былі праблемы) памнажаўся на ўменне знаходзіць грошы і дамаўляцца з сістэмай. З лютага 2020-га па люты 2021-га кампанія Захаранкі выйграла чатыры аўкцыёны на пастаўку машын у структуру «МУС», у 2023-м сам бізнесмен увайшоў у выканкам АБФФ, а ў 2026-м увогуле ўзначаліў Беларускую федэрацыю тэніса. Усё гэта проста немагчыма без рэжымнага адабрэння.

Аднак Андрэй Капскі вырашыў, што справіцца і так. У клуб на той момант якраз прыйшло каля 10 млн еўра прэміяльных за еўракубкі ад УЕФА – чаму б не паверыць у сябе з такой фінансавай падушкай? Праўда, у групы еўракубкаў БАТЭ больш ніколі не выходзіў – без чэмпіёнстваў гэта складана. У такой сітуацыі Капскі-сын прыдумаў толькі скарачаць заробкі гульцам, што лагічна прывяло да аслаблення складу.

У канцы 2021-га Захаранка афіцыйна пакінуў клуб, дзе яго не слухалі. Восенню 2022-га ў кааперацыі з Уладзімірам Япрынцавым, былым памочнікам Юрыя Чыжа па мінскім «Дынама», паспрабаваў набыць БАТЭ – меў план, а сына былога босса збіраўся не выганяць зусім, а адправіць па досвед на якую-небудзь менеджарскую пазіцыю па-за футболам. Капскі-малодшы разам са сваёй маці валодаў больш як 50% клуба і прадаваць іх адмовіўся. Захаранка прыняў сітуацыю і больш не ўмешваўся.

Кіраўнік БАТЭ стаў слухаць Шаркоўскага, у пэўны момант звязаўся з расіянінам Дзянісам Сарсаніяй. Да чаго гэта прывяло, усе мы бачым проста цяпер.

Ціха разысціся з «чорнаспіснікамі»

У 2020-м здавалася, што Капскі-малодшы лёгка прыняў правілы гульні рэжыму. Восенню таго года пасля фальсіфікацыі «прэзідэнцкіх выбараў» і звярыстваў з боку «сілавікоў» супраць мірных беларусаў гендырэктар БАТЭ Міхаіл Залеўскі, былы супрацоўнік «МУС», выступіў супраць гвалту, выкінуў сваю форму – і адразу страціў пасаду ў клубе (праўда, сам таксама хацеў вывесці босса з-пад ціску, які адразу пачаўся з-за сітуацыі).

У пачатку 2021-га Капскі сходзіў на «УНС», каб барысаўчан выпусцілі на збор у Турцыю, і разышоўся з шматгадовым дыктаром матчаў Канстанцінам Каверыным, які асуджаў дзеянні рэжыму. У красавіку таго ж года знайшоў у БАТЭ васьмі падпісантаў ліста за рэжым – без гэтага не ўзгаднялі дакумент, з якім можна было атрымаць грошы ад дзяржструктур па ўказе Лукашэнкі, а ў Капскага не было альтэрнатыўных фінансавых крыніц.

У 2022-м малады бос доўга не мог прызначыць галоўным трэнерам Кірыла Альшэўскага, якога хацеў бачыць – не ўзгаднялі ў «мінспорту». Кіраўніку нават спачувалі як нібы закладніку становішча, які ратуе дзецішча бацькі. Хаця ўжо тады незадаволенасці хапала.

У 2023-м падладжванні ад Капскага далі збой. У «мінспорту» выставілі «чорны спіс» – пакаралі гульцоў, якія ў 2020-м выказаліся супраць гвалту (ніякіх палітычных патрабаванняў не было), забаронай гуляць у ЧБ. Туды трапілі і знакавыя футбалісты БАТЭ. Здавалася б, і тут усё проста – развітанне, як з Залеўскім і Каверыным. Аднак бос клуба раптам упёрся і пачаў спрабаваць выпрасіць «памілаванне», пакуль гульцы працягвалі трэніравацца з клубам.

Толькі малады прыватнік – гэта не кіраўнік нейкага «выканкама» або магутнага дзяржпрадпрыемства. «Цяжкавагам» у інтарэсах сваіх клубаў часам удавалася прасунуць «міністра» Сяргея Кавальчука і працягнуць кар’еры патрэбных гульцоў. А паводзіны Капскага прывялі толькі да асіметрычнага адказу злапамятнага Кавальчука. Менавіта ад «вiзы» ў «мінспорту» залежала згаданае атрыманне грошай ад дзяржструктур – і яе не паставілі. Потым у БАТЭ яшчэ адважыліся ўсё ж выпускаць на поле апальнага Данілу Нечаева – гэта, мякка кажучы, не спадабалася чыноўніку.

З тых часоў БАТЭ больш не атрымліваў ніякіх дзяржаўных грошай – так Кавальчук думаў яшчэ і прымусіць Капскага развітацца з клубам. Са староннімі спонсарамі варыянтаў таксама было няшмат, тым больш калі рэжым супраць, лезці боязна. Капскі адбіўся, змогшы прадаваць гульцоў за колькі атрымлівалася. БАТЭ рэзка прасеў па складзе і ў табліцы, але выжыў.

Аддаць 50+% рэжыму

У канцы 2025-га сістэма выставіла новыя правілы фінансавання спорту: прадпрыемствам цалкам прыбралі матывацыю выдзяляць грошы па згаданым указе Лукашэнкі, зрабіўшы асновай выжывання прамыя субсідыі з бюджэту. Але для іх атрымання трэба было, каб доля клуба больш як 50% належала лукашэнкаўскай структуры.

БАТЭ на той момант было зусім кепска фінансава. Капскі шукаў інвестараў у Расіі, але безвынікова.

Здавалася, што гэта тупік, і Капскі або аддасць БАТЭ мясцоваму «выканкаму», каб дзецішча бацькі ўсё ж жыло, або падасць на банкруцтва. Але літаральна ў апошні момант сын усё ж знайшоў варыянт пратрымацца яшчэ – з някідкім складам, перспектывай аўтсайдарства, але ў ранейшай канфігурацыі. Пры гэтым Капскі не раз намякаў, што лёгка ўзяў бы дзяржгрошы, проста не хоча пры гэтым страчваць ані кроплі ўлады.

Калі цьвяроза ацэньваць сезон-2026, то БАТЭ меў усе шанцы застацца ў ЧБ. Як не забілі ў ключавым матчы «Белшыне» (0:1) – непасціжальна, ды і пары пенальці тады не дачакаліся. Але вынік – вылет, пасля якога ўтрымаць клуб у сябе Капскаму, падаецца, будзе яшчэ цяжэй.

Аддаць клуб «выканкаму» – вядома, не панацэя. Дзеля выжывання так зрабіў Аляксей Мелешкевіч з дзяржынскага «Арсенала» – і небагатая каманда ўсё роўна трапіла ў «стыкі», у якіх яшчэ трэба ўтрымацца ў Д1. Але шанец на новы віток у БАТЭ быў, пра што сведчыць прыклад «Іслачы». Яна таксама з гэтага сезона на 50+% «выканкамоўская» – і ўпершыню ў гісторыі ўзяла медалі ЧБ (бронзавыя). А былы бос Уладзімір Пінчук захаваў і пэўную долю, і аператыўнае кіраванне.

Апошнія навіны